Мінск 10:49

ЦВК акрэдытаваў 403 замежных назіральнікаў

Фота: ЦВК

14 студзеня, Позірк. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) на 14 студзеня акрэдытавала 403 замежных назіральнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года.

Назіральнікі прадстаўляюць больш за 40 краін, сярод якіх 15 еўрапейскіх, таксама прадстаўлены дзяржавы Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі і “прасторы СНД”, гаворыцца ў паведамленні ЦВК.

Адзначаецца, што тэрытарыяльнымі камісіямі па выбарах акрэдытавана 37.753 нацыянальных назіральнікаў.

“Больш за ўсё назіральнікаў накіравалі грамадскія аб’яднанні — 25.286 чалавек. Грамадзянамі накіравана 4.488 чалавек, палітычнымі партыямі — 4.464 чалавекі, працоўнымі калектывамі — 3.540”, — заяўляе Цэнтрвыбаркам (у суме атрымліваецца 37.778. — “Позірк”.).

Пры ЦВК акрэдытавана 7 назіральнікаў.

Акрэдытацыя нацыянальных назіральнікаў завершыцца 20 студзеня.

На 8 студзеня ЦВК зарэгістраваў 362 замежныя назіральнікі (за шэсць дзён рост на 11?3%) і 28.330 нацыянальных назіральнікаў (+33,3%).

23 снежня Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала пяць кандыдатаў на пост прэзідэнта. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, гэта лідары праўладных структур — Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя), Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці), Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя), а таксама былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца 26 студзеня 2025 года.

Кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчана ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць аб імітацыі канкурэнцыі.

З 1996 года ні адна выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: