Мінск 10:24

ДзяржСМІ Магілёўскай вобласці выдалілі са сваіх сайтаў публікацыі з фота членаў выбарчых камісій — праваабаронцы

Скрыншот: MAYDAY.TEAM

14 студзеня, Позірк. Дзяржаўныя СМІ Магілёўскай вобласці адначасова выдалілі са сваіх інтэрнэт-парталаў публікацыі пра перадвыбарныя трэнінгі для членаў участковых выбарчых камісій, паведамляе тэлеграм-канал магілёўскага аддзялення праваабарончага цэнтру “Вясна” MAYDAY.TEAM.

Сцвярджаецца, што гэта зрабілі выданне “Магілёўскія ведамасці”, а таксама раённыя медыі ў Чавусах, Крычаве, Быхаве, Краснаполлі, Дрыбіне і Шклове.

“У кэшы Google інфармацыя аб публікацыях засталася, але на саміх сайтах яны недаступныя”, — адзначаюць праваабаронцы.

Таксама, паводле их звестак, інфармацыя выдалена з сайта Чавускага райвыканкама, “а вось Быхаўскі райвыканкам пакінуў інфармацыю, але без фота”.

Праваабаронцы мяркуюць, што “менавіта фота членаў участковых выбарчых камісій сталі нагодай для адначасовага і масавага выдалення матэрыялаў”.

Пры гэтым “у іншых абласцях Беларусі такіх праблем няма”, гаворыцца ў паведамленні.

“Спробы ціску звонку на членаў выбаркамаў у Беларусі” адзначыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама 3 студзеня. Прыкладаў ён не прывёў.

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў 10 студзеня, што з мэтай абароны членаў камісій ад “агрэсіўнага ўздзеяння” ў Выбарчы кодэкс былі ўнесеныя змяненні, персанальныя даныя членаў камісій не публікуюцца.

“Гэта не значыць, што мы іх хаваем ад выбарцаў. Калі выбарца прыйдзе на ўчастак для галасавання, то ўбачыць членаў камісій, якія будуць насіць бэйджы з указаннямі прозвішча, імя і імя па бацьку. Гэтая заканадаўчая мера перашкаджае несанкцыянаванаму выкарыстанню персанальных звестак членаў выбарчых камісій”, — сказаў Карпенка.

У дакладзе аб’яднання былых сілавікоў BelPol “Пра гатоўнасць сістэмы фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2025 года” адзначаецца, што 63% членаў 265 камісій удзельнічалі ў трох апошніх электаральных кампаніях: у 2020 годзе (прэзідэнцкія), 2022-м (рэферэндум) і 2024-м (“адзіны дзень галасавання” на выбарах у парламент і мясцовыя саветы). 23% бралі ўдзел у двух з гэтых трох кампаній, яшчэ 11% — у адной з іх. Такім чынам, у 2025 годзе ў камісіях будзе толькі 3% новых людзей, якія раней не ўдзельнічалі ў выбарах, падкрэсліваецца ў дакладзе.

На старонках праўладных крыніц праводзіцца флешмоб, падчас якога члены ўчастковых камісій на відэа заяўляюць, што ганарацца быць імі. Персанальныя даныя пры гэтым не ўказваюцца.

З 1996 года ні адна выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі празрыстай і адпавядаючай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: