Мінск 12:35

У перадвыбарнай праграме Гайдукевіч раскрытыкаваў падзеі 2020 года і выступіў супраць вулічных пратэстаў

14 студзеня, Позірк. Лёс краіны “ніколі не павінен вырашацца на вуліцы, як гэта спрабавалі зрабіць палітыканы ў 2020 годзе”, заяўляе ў сваёй перадвыбарнай праграме кандыдат у прэзідэнты, лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ) Алег Гайдукевіч.

Праграма з лозунгам “За моцную Беларусь!” апублікавана 14 студзеня ў дзяржаўных газетах.

Паводле сцвярджэння Гайдукевіча, у 2020 годзе Беларусь “хацелі проста знішчыць, падмяніўшы выбары каляровай рэвалюцыяй, хаосам і вайной”.

Ён паведамляе, што нарадзіўся і жыве ў Мінску, выхоўвае дзвюх дачок і “доўгія гады” працаваў у МУС. Старшыня ЛДПБ заяўляе, што, працуючы ў міліцыі, “змагаўся з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі”.

У аснову перадвыбарнай праграмы пакладзена праграма Ліберальна-дэмакратычнай партыі, падкрэслівае яе лідар.

Паводле яго слоў, “незалежнасць і суверэнітэт — вечныя каштоўнасці” дзяржавы. Палітык, які з’яўляецца прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі, абяцае, што заўсёды будзе змагацца за “выкананне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, забеспячэнне вяршэнства права і роўнасці ўсіх грамадзян Беларусі перад законам”.

У праграме ён выступае за правядзенне выбараў дэпутатаў усіх узроўняў па прапарцыйна-мажарытарнай сістэме, а не толькі па аднамандатных акругах.

На думку Гайдукевіча, неабходна “на заканадаўчым узроўні абмежаваць удзел у выбарах палітыканаў, некампетэнтных палітыкаў, здраднікаў і прадстаўнікоў пятай калоны”.

Адзначыўшы, што “любая каляровая рэвалюцыя — зло”, Гайдукевіч выступае “за канкурэнцыю ідэй і поглядаў, якая рэальна дзейнічае”.

ЛДПБ заўсёды будзе выступаць за падтрымку беларускіх тэатраў, музеяў, бібліятэк, нацыянальных дзеячаў мастацтва, мастакоў, музыкаў, арміі, сілавых структур, традыцыйнай царквы, гаворыцца ў дакуменце.

“ЛДПБ выступае за прапаганду культу сям’і ў грамадстве, за абарону нашых беларускіх традыцыйных каштоўнасцяў. Сям’я — аснова развіцця дзяржавы”, — заяўляе палітык.

Паводле яго слоў, дзяржаве неабходна “жорстка і паслядоўна” бараніць нацыянальныя інтарэсы і “жорстка рэагаваць на любыя спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы”.

Гайдукевіч таксама абяцае актыўна падтрымліваць інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы і вітае супрацоўніцтва з “краінамі далёкай дугі”.

У праграме гаворыцца аб важнасці павелічэння даходаў насельніцтва і недапушчэнні “рэзкага падзення рэальнага ўзроўню жыцця людзей”, забеспячэнні гарантый захаванасці ўкладаў насельніцтва, устойлівасці банкаўскай сістэмы, прыцягненні інвестыцый і найноўшых тэхналогій у фінансавы сектар.

Гайдукевіч падтрымлівае рост “здаровай канкурэнцыі”, намаганні дзяржавы па захаванні прамысловых прадпрыемстваў, развіццё “фермерскай ініцыятывы” і “прыватнага аграсэрвісу”, а таксама “малы і сярэдні бізнес у сферы навукі і вытворчасці”.

Акрамя гэтага, на думку кандыдата, Беларусі патрэбна “яшчэ большае спрашчэнне падатковага заканадаўства, лібералізацыя ў сферы адказнасці за эканамічныя злачынствы, за выключэннем крадзяжоў дзяржаўнай маёмасці, карупцыйных злачынстваў і спроб вываду грошай за мяжу”.

Праграма палітыка заканчваецца запэўненнем: “Я ганаруся, што жыву ў Беларусі”.

Адметна, што ў 2020 годзе Гайдукевіч лаяльна выказваўся пра вулічныя пратэсты. 19 жніўня ў інтэрв’ю “Бі-Бі-Сі” ён заявіў, што “прыбіраць людзей з вуліц не трэба, гэта няправільна”, бо “кожны мае права выказваць свой пункт гледжання”.

“Адкрыю адзін сакрэт: у нядзельным маршы за мір удзельнічала мая жонка”, — сказаў ён, маючы на ўвазе маштабную акцыю пратэсту 16 жніўня супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту.

“Яна ішла супраць гвалту. І многія людзі ішлі там супраць гвалту. Я быў дома, з дзецьмі. Я яе не асудзіў, а падтрымаў. Я разумею яе пачуцці: яна адкрыла інтэрнэт, паглядзела, што рабілася на нашых вуліцах, што беларусы выйшлі супраць беларусаў, кроў. Яна плакала, балюча да гэтага паставілася”, — заявіў Гайдукевіч.

Пазней СМІ паведамілі аб яго разводзе з жонкай.

Падзяліцца: