Мінск 20:07

Чыстыя замежныя актывы Нацбанка выраслі за 2024 год на 42%

15 студзеня, Позірк. Чыстыя замежныя актывы Нацыянальнага банка за снежань 2024 года знізіліся на 459,5 млн рублёў і на 1 студзеня 2025-га склалі 32 млрд 673,6 млн рублёў (-1,4%), вынікае з праведзенага “Позіркам аналізу звестак рэгулятара.

За год яны павялічыліся на 41,8% (на 1 студзеня 2024-га складалі 23 млрд 41,1 млн рублёў).

На 9,32% (з 3,1775 да 3,4735 рубля) вырас афіцыйны курс долара ў Беларусі ў 2024 годзе. Гэта чацвёрты паказчык на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2023 года і 31 снежня 2024-га.

Патрабаванні Нацбанка да органаў дзяржаўнага кіравання за месяц сталі большымі на 3,6% (з 8 млрд 290,7 млн да 8 млрд 586,2 млн рублёў), з пачатку года — на 56% (на 1 студзеня — 5 млрд 505,2 млн).

Абавязацельствы перад органамі дзяржкіравання за месяц зменшыліся на 2,1% (з 19 млрд 139,2 млн да 18 млрд 742,8 млн рублёў), з пачатку года — павялічыліся на 40% (13 млрд 384,9 млн).

Патрабаванні да іншых дэпазітных арганізацый за снежань знізіліся на 13,8% (з 4 млрд 542,3 млн да 5 млрд 168,1 млн рублёў), з пачатку года 2024-га — выраслі на 39% (3 млрд 719,3 млн).

Да іншых сектараў патрабаванні рэгулятара за месяц выраслі на 13,2% (з 3 млрд 131,4 млн да 3 млрд 544 млн рублёў), з пачатку гэтага года — на 16% (было 3 млрд 55 млн).

Міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы, ЗВР) Беларусі на 1 студзеня 2025 года склалі 8 млрд 922,6 млн долараў, павялічыўшыся за месяц на 127,7 млн (+1,45%), вынікае з папярэдніх звестак Нацбанка.

Паводле інфармацыі рэгулятара, аб’ём ЗВР у манетарным золаце стаў меншым на 71,9 млн долараў (4 млрд 522,9 млн), кошт рэзерваў у спецыяльных правах запазычання (СДР) — на 6,4 млн (1 млрд 347,1 млн).

Рэзервовыя актывы ў замежнай валюце павялічыліся на 205,9 млн долараў (3 млрд 52,4 млн). Рэзервовая пазіцыя ў МВФ і іншыя актывы засталіся ранейшымі-0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

На 1 студзеня 2024 года ЗВР складалі 8 млрд 127,4 млн долараў. Такім чынам за год яны павялічыліся на 795,2 млн (+9,78%).

Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на 2024 год, міжнародныя рэзервовыя актывы на канец года павінны былі быць не меншымі за 6 млрд долараў (20 млрд 853 млн рублёў паводле актуальнага курсу НБРБ).

У 2024 годзе насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом замежнай валюты, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 11 млрд 73,5 млн долараў (тут і далей у эквіваленце), прадалі — на 12 млрд 770,1 млн (адмоўнае сальда — 1 млрд 696,6 млн).

Наяўнай валюты набыта на 7 млрд 443,9 млн, прададзена — на 10 млрд 109,8 млн (-2 млрд 665,8 млн), безнаяўнай — на 3 млрд 629,6 млн і 2 млрд 660,3 млн адпаведна (+969,2 млн).

Падзяліцца: