Мінск 21:46

Улады маюць намер амаль утрая павялічыць аб’ём дзяржінвестыцый

15 студзеня, Позірк. Кансалідавана з усіх бюджэтаў на дзяржаўныя інвестыцыі спатрэбіцца каля 6,5 млрд рублёў (каля 1,9 млрд долараў), паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

2,2 млрд з гэтай сумы будзе накіравана на аб’екты рэспубліканскага ўзроўню, на рэгіянальныя — больш за 4 млрд.

Такія даныя ўтрымліваюцца ў праекце Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2025 год.

У аналагічным дакуменце на 2024 год аб’ём інвестыцый быў запланаваны на ўзроўні 2,1 млрд рублёў (каля 645,7 млн долараў па актуальным курсе).

Такім чынам, у доларавым эквіваленце інвестыцыі плануецца павялічыць у 2,9 раза.

Заслухаўшы 15 студзеня даклад аб зацвярджэнні праграмы, Лукашэнка заявіў, што абапірацца пераважна на ёмістасць расійскага рынку немагчыма: “Прагноз расіян па ключавых індыкатарах развіцця вельмі асцярожны: рост эканомікі ў межах 1,5–2,5%, двухзначныя банкаўскія стаўкі, усё большы дэфіцыт бюджэту”.

Разам з тым беларускі ўрад плануе рост ВУП у 2025 годзе больш чым на 4%, асноўнай крыніцай гэтага росту заяўленыя інвестыцыі, якія павінны вырасці на 8%. “Плануецца асвоіць амаль 50 млрд рублёў. Гэта прыкладна 18% ВУП Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Нядрэнна”, — адрэагаваў на гэтыя прагнозы Лукашэнка.

“Урад і Адміністрацыя прэзідэнта бачаць асноўнай мэтай выхад на парог бяспекі па інвестыцыях не ніжэй за 20% ВУП. Толькі пры такім узроўні мы зможам забяспечваць рост эканомікі ў будучыні”, — падкрэсліў ён.

Лукашэнка звярнуў увагу, што структура інвестыцый па напрамках фінансавання практычна не мяняецца. У яе ўваходзяць тры ключавыя блокі: каля 60% інвестыцый займаюць праекты рэальнага сектара, на будаўніцтва жылля прыпадае каля 20%, яшчэ каля 20% — інжынерная, транспартная, сацыяльная інфраструктура.

“Ні адной капейкі нельга траціць на тое, без чаго мы можам абысціся. Усякія офісы, канторы і іншае — у нас гэтага барахла хапае. Дзяржаўныя яны, для МУС, дзяржслужачых — усё роўна для каго”, — сказаў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, асаблівая роля адводзіцца Камітэту дзяржаўнага кантролю: “Галоўнае ваша пытанне — гэта грошы, бюджэт. Вось туды вы павінны глядзець і ўнікаць. І кантраляваць адпаведны ўрад, міністраў, усіх, хто стаіць за гэтымі грашыма”.

Як паведамляюць дзяржСМІ, па выніках нарады інвестыцыйная праграма на 2025 год не была зацверджаная. Лукашэнка адправіў яе на дапрацоўку.

Падзяліцца: