Мінск 00:09

Каля мяжы з Літвой канфіскаваны чарговыя беспілотнікі

15 студзеня, Позірк. У населеным пункце Роўбішкі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці каля мяжы з Літвой памежнікі “пры сілавой падтрымцы АМАП“ затрымалі беларуса, у доме якога былі знойдзеныя “два беспілотныя лятальныя апараты мультыратарнага тыпу саматужнай вытворчасці, акумулятарныя батарэі і камплектуючыя да іх, а таксама радыёстанцыя”, паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт.

ДПК адзначае, што “выяўленыя прадметы канфіскаваны і дастаўлены ў Лідскі пагранічны атрад”, “вядзецца далейшае разбіральніцтва”.

11 студзеня ДПК паведаміў аб затрыманні ноччу 10 студзеня ў тым жа раёне пецярых грамадзян Белавусі. Група перамяшчалася на трох аўтамабілях. У транспарце было выяўлена “больш за 100 газавых балонаў, 9 аэрастатычных шароў, 28 GPS-трэкераў, а таксама больш за 30 сім-карт літоўскага аператара сотавай сувязі”.

Дзяржпагранкамітэт традыцыйна нагадаў аб тым, што 1 красавіка 2024 года ўступіў у сілу ўказ нумар 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, які забараняе ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Акрамя таго, за “незаконнае ўтрыманне і выкарыстанне беспілотнікаў у пагранічнай зоне або пагранічнай паласе” прадугледжана адміністрацыйная адказнасць паводле арт. 24.19 КаАП — штраф да 50 базавых велічынь (да 2.100 рублёў).

У апошні час кантрабандысты актыўна выкарыстоўваюць розныя аэрастаты — метэаралагічныя зонды, паветраныя шары, а таксама беспілотнкі для дастаўкі нелегальных грузаў з Беларусі ў Літву. У асноўным такім чынам перасылаюць цыгарэты.

Аб падобных выпадках Служба ахобвы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамляла на мінулым і гэтым тыдні.

Падзяліцца: