Мінск 22:52

Лукашэнка не супраць прыцягнення ў Мінскі тэхнапарк адмыслоўцаў з Цэнтральнай Азіі, Блізкага Усходу

Ілюстрацыйнае фота: сацсеткі Мінскага гарадскога тэхнапарка

16 студзеня, Позірк. Пытанне працоўнай міграцыі ўзнімалася падчас размовы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Мінскага гарадскога тэхнапарка, якая адбылася 16 студзеня.

Паводле інфармацыі яго прэс-службы, палітык “не супраць, каб месцы даваліся замежным грамадзянам, галоўнае, каб гэта былі кваліфікаваныя адмыслоўцы”.

“Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў — любых людзей, запрашай, — заявіў ён. — Але ты павінен ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбныя на гэтым месцы і могуць гэтую аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць — навучы. Але ты за гэты дзясятак-дваццаць чалавек павінен галавой адказваць”.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта на снежань 2024 года, у лістападзе ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 120,5 тыс. чалавек. Праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата сведчыць, што гэта на 0,07% больш, чым у кастрычніку (4 млн 117,5 тыс.; +0,21%), але на 0,48% менш, чым у лістападзе 2023-га (4 млн 140,5 тыс.).

На фестывалі-кірмашы “Дажынкі” 5 кастрычніка 2024 года ў Мікашэвічах (Брэсцкая вобласць) Лукашэнка заявіў, што замежнікі, якія прыязджаюць жыць у Беларусь, “не просяць кавалак хлеба”. “А калі просяць, дык толькі на пачатку. Потым яны працуюць і зарабляюць самі. Нам патрэбныя на гэтай зямлі працоўныя рукі”, — сказаў ён.

1 ліпеня 2023 года ў Беларусі набыў моц закон “Аб знешняй працоўнай міграцыі”, які спрашчае працэдуры прыцягнення замежнай працоўнай сілы ў Беларусь.

Напрыклад, суб’екты гаспадарання вызвалілі ад неабходнасці атрымліваць дазвол на прыцягненне замежнай працоўнай сілы, а “для значнай колькасці замежных грамадзян”, паводле інфармацыі МУС, была скасаваная наяўнасць абавязковага дазволу на права займацца працоўнай дзейнасцю ў краіне.

Падзяліцца: