Мінск 23:12

Грамадзяніна Эстоніі амаль год утрымліваюць за кратамі ў Беларусі — праваабаронцы

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

16 студзеня, Позірк. Грамадзяніна Эстоніі Алана Ройа са студзеня 2024 года ў Беларусі ўтрымліваюць у следчым ізалятары — нібыта за дачыненне да дзейнасці “экстрэмісцкага фарміравання”, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Летась 16 студзеня Камітэт дзяржбяспекі прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” арганізацыю Fund of Belarus Friend LTD. У рашэнні фігуравалі людзі, якіх ведамства лічыць датычнымі да “фарміравання” — беларусы Алег Стэфановіч і Аляксандр Сырыца, а таксама эстонец Алан Ройа.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, замежніку інкрымінуюць ч. 1 арт. 3611 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Дэталі справы невядомыя.

Фонд Fund of Belarus Friend LTD заснаваны для дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсій у Беларусі. Яго інтэрнэт-рэсурсы не абнаўляюцца з 2021 году.

У 2022–2023 гадах контрвыведка КДБ затрымала 16 замежнікаў, заяўляў летась у лютым кіраўнік спецслужбы Іван Церцель.

Напрыканцы лістапада 2024-га праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў Беларусі пачасціўся пераслед замежнікаў за “агентурную дзейнасць” (арт. 3581 КК). Паводле звестак праваабаронцаў, “агентурная дзейнасць” інкрымінаваная грамадзянам Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі, Германіі.

Усяго паводле гэтага артыкула асуджана не менш як 19 чалавек, у сукупнасці з іншымі абвінавачаннямі ім прызначана ў агульнай складанасці 135 гадоў зняволення.

Шэраг заходніх дзяржаў, сярод якіх і суседнія краіны Еўрасаюза, заклікаюць сваіх грамадзян не наведваць Беларусь.

Падзяліцца: