Мінск 09:05

Малодшым школьнікам прапануюць “злавіць монстра, які спрабуе сарваць выбары”

Фота: sb.by

16 студзеня, Позірк. “Навукова-папулярнае выданне для дзяцей малодшага школьнага ўзросту “Падарожжа ў краіну выбараў” выпусціў Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі пры падтрымцы Цэнтральнай выбарчай камісіі, паведамляюць дзяржСМІ.

Яго прэзентацыя адбылася 16 студзеня ў мінскай гімназіі № 33.

Адзначаецца, што “галоўныя героі — Даша і Паша — прапануюць дзецям выканаць заданні: напрыклад, правесці выбары ў сваёй сям’і, дзе кожны прагаласуе за начынне ў дранікі, палічыць бюлетэні, злавіць монстра, які спрабуе сарваць выбары прэзідэнта”.

“Выбары прэзідэнтаи — складаны грамадска-палітычны працэс, і мы задумаліся: як у даступнай форме расказаць дзецям пра яго, каб яны змалку разумелі, як арганізаваная нашая дзяржава“, — заявіла аўтар выдання, старшыня моладзевага савета прафсаюза Дар’я Паўлоўская.

Брашура выдадзеная тыражом 5 тыс. экзэмпляраў.

Ідэалагізацыя адукацыі, у тым ліку школьнай і дашкольнай, узмацнілася пасля 2020 года.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчана ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады“, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі празрыстай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

23 кастрычніка 2024 года беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі галасаваць “супраць усіх“.

Падзяліцца: