Мінск 01:27

У Мінскай вобласці затрымалі дваіх мужчын, якія планавалі збыць мноства фальшывых долараў — МУС

Ілюстрацыйнае фота: 8photo / freepik.com

17 студзеня, Позірк. Двух жыхароў Пінска (Брэсцкая вобласць) 42 і 47 гадоў затрымалі ў Мінскай вобласці “з доказамі злачынства пры спробе збыту фальшывых купюр”, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў са спасылкай на начальніка 6-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Аляксандра Лаўруковіча.

“Высветлена, што саўдзельнікі на працягу некалькіх месяцаў займаліся збытам падробленых грошай, якія праз трэціх асоб набываліся ў Турцыі і ў некаторых краінах Еўрапейскага саюза, затым увозіліся на тэрыторыю нашай краіны транзітам праз Расію”, — заявіў міліцэйскі чыноўнік.

Паводле яго слоў, у затрыманых вынятыя фальшывыя банкноты на агульную суму больш як 35 тыс. долараў (109 купюр па 50 долараў, 297 — па 100).

Распачатая крымінальная справа. Адзначаецца, што фігурантам пагражае да 15 гадоў зняволення.

Паводле апошніх даных Нацыянальнага банка, у першым паўгоддзі 2024 года ў Беларусі было выяўлена 323 падробленыя грашовыя знакі (321 банкнота і дзве манеты).

Сярод падробак дамінуюць долары — 80,2%, на расійскія рублі прыпадае 11,8%, еўра — 6,8%, беларускія рублі — 0,9%.

Падзяліцца: