Мінск 01:14

У 2024 годзе Беларусь захавала месца сярод краін з найбольш актыўным пераследам журналістаў — CPJ

Ілюстрацыйнае фота: Global Look Press

17 студзеня, Позірк. На 1 снежня 2024 года Беларусь займала чацвёрты радок у рэйтынгу краін, дзе найбольш актыўна пераследуюць журналістаў, вынікае з гадавога агляду Камітэта па абароне журналістаў (CPJ), абнародаванага 16 студзеня.

Згодна з дакументам, другі год запар Беларусь у гэтым рэйтынгу ўзначальвае групу дзяржаў у рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Паводле даных CPJ, на пазначаную дату ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі знаходзіўся 31 журналіст. Горш сітуацыя толькі ў Кітаі (50), Ізраілі і акупаваных палестынскіх тэрыторыях (43, усе — палестынскія) і М’янме (35). Пасля Беларусі ў рэйтынгу ідуць Расія (30), Егіпет (17), В’етнам, Іран і Эрытрэя (па 16), Азербайджан (13).

Агульная колькасць журналістаў у няволі па ўсім свеце, адзначае CPJ, на 1 снежня 2024 года — 361. Такім чынам, на згаданыя краіны прыпадала 78,4% усіх журналістаў у няволі (283).

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 17 студзеня 2025 года ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі знаходзяцца 42 супрацоўнікі медыя.

Нягледзячы на некалькі хваляў памілаванняў, якія закранулі ў тым ліку трох прадстаўнікоў прэсы, адзначаецца ў дакладзе CPJ, “беларускіх журналістаў увесь час пераследуюць, затрымліваюць і прыгаворваюць да гадоў зняволення, часцей за ўсё праз іх працу ў СМІ, якія ўлады залічваюць да “экстрэмісцкіх”.

Канстатуецца, што “беларускі ўрад працягвае помсціць журналістам, якія асвятлялі пратэсты з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі пасля яго спрэчных выбараў 2020 года”.

“Пяць журналістаў, затрыманых у сувязі з гэтымі дэманстрацыямі, адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 гадоў і больш, — гаворыцца ў дакуменце. — Сярод тых, хто быў затрыманы ў 2024 годзе, — былы відэарэпарцёр Яўген Мікалаевіч, які пакінуў Беларусь і спыніў займацца журналістыкай у 2020 годзе”.

Адзначаецца, што “Мікалаевіч быў арыштаваны пасля вяртання ў краіну ў 2024 годзе і адбывае 18-месячны тэрмін за “арганізацыю або ўдзел у грубых парушэннях грамадскага парадку”.

“Беларусь таксама працягвае пераследаваць журналістаў па-за межамі краіны, узбуджаючы крымінальныя справы супраць журналістаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, і праводзячы вобшукі ў беларускіх дамах тых з іх, хто пакінуў краіну”, — заяўляе CPJ.

Паведамляецца таксама, што “беларускі рэжысёр і журналіст Андрэй Гнёт правёў год у зняволенні ў Сербіі, пакуль беларускія ўлады спрабавалі экстрадаваць яго на падставе падатковай справы”.

З Беларусі і Расіі “беглі сотні журналістаў”, адзначаецца ў дакуменце, таму ўлады гэтых краін “значна павялічылі колькасць абвінавачанняў, ордараў на арышт і завочных прыгавораў журналістам, што робіць іх уразлівымі для затрымання паводле фіктыўных або сфабрыкаваных абвінавачанняў нават у выгнанні”.

У сувязі з гэтым аўтары дакладу лічаць, што “краіны, якія надалі бяспечны прытулак беларускім і расійскім журналістам, такія як Германія, Швецыя, ЗША і Вялікабрытанія, павінны абараніць іх ад пераследу, сачэння і іншай шкоды, якая можа ўзнікнуць у выніку адвольных прававых дзеянняў” Беларусі і РФ.

Сярод іншага ў дакуменце звяртаецца ўвага на пераслед адвакатаў, якія займаюцца абаронай журналістаў у такіх краінах, як Іран, Кітай, Беларусь, Турцыя і Егіпет.

Падзяліцца: