Мінск 00:32

У спіс экстрэмістаў дададзена 14 чалавек

Фота: pixabay.com

17 студзеня, Позірк. У пералік “асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, 17 студзеня дададзена 14 чалавек. Цяпер ў дакуменце, апублікаваным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, 4.862 пазіцыі.

Усе асобы, унесеныя ў спіс, асуджаныя паводле артыкулаў, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу. Аднак прызначаны праваабаронцамі дзеючы статус палітвязняў маюць пяцёра з іх.

У пералік дададзеныя палітзняволеныя муж і жонка Валерый Раўкоўскі і Анастасія Ільніцкая. Насупраць іх прозвішчаў пазначана “судзімасць не пагашаная”, што можа сведчыць пра вынясенне прыгавору, не звязанага з пазбаўленнем волі. Паводле звестак праваабаронцаў, яны абвінавачваліся паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, разгляд справы павінен быў адбыцца ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 19 снежня 2024 года.

Таксама маюць статус палітзняволеных асобы, якія адбываюць пакаранне: Наталля Давыдка (асуджаная паводле арт. 342 і ч. 1 і ч. 2 арт. 3614 КК, тэрмін невядомы), Сяргей Юнчыц (5 гадоў зняволення паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 3614 і страціўшага моц ў траўні 2021 года ч. 1 і ч. 2 арт. 3612 КК) і Віталь Коршун (ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 293, і ч. 2 арт. 367 КК, тэрмін невядомы).

Таксама адбываюць пакаранне ўнесеныя ў спіс Анатоль Васілеўскі (ч. 2 арт. 243, ч. 1 арт. 342 КК), Наталля Жыгар (ч. 1 і ч. 2 арт. 3614 КК). Іх прыгаворы невядомыя. Жыгар у спісе праваабарончага цэнтра “Вясна” пазначаная як “былая палітзняволеная”.

З пазнакай “адбываюць пакаранне” ў спіс дадазеныя асуджаныя завочна за атаку дрона на базу АМАП у Мінску Павел Кулажанка (ч. 3 арт. 289, ч. 1 і ч. 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 2904, ч. 1 арт. 2905, ч. 2 арт. 2953 і ч. 1 арт. 357 КК) і Віталь Пацехін (ч. 3 арт. 289, ч. 2 арт. 2904, ч. 2 арт. 2905, ч. 2 арт. 2953 КК).

З пазнакай “судзімасць не пагашаная” ў спіс уключаныя Васіль Лакаеў, Павел Парфёнаў, Надзея Нагорная (усе паводле ч. 1 арт. 342 КК), Наталля Гаўрон (ч. 1 і ч. 2 арт. 3614 КК) і Алена Амега (ч. 2 арт. 368 КК).

Фінансавыя аперацыі асобаў, уключаных у “спіс экстрэмістаў”, кантралююцца “з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Даведка “Позірку”:

ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу — наўмысныя дзеянні, скіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці;

ч. 2 арт. 243 — ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы, ухілення ад прадстаўлення падатковай дэкларацыі (разліку) або ўнясення ў яе заведама ілжывых звестак, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры;

ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай, або з прымяненнем аб’ектаў выкарыстання атамнай энергіі, або з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксічных хімічных або біялагічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека;

ч. 1 арт. 2904 — дзейнасць па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або кіраўніцтва такой арганізацыяй або яе часткай або ўваходзячымі ў яе структурнымі падраздзяленнямі;

ч. 2 арт. 2904 — удзел у арганізацыі, створанай для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці;

ч. 1 арт. 2905 — арганізацыя дзейнасці арганізацыі, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прызнана тэрарыстычнай;

ч. 2 арт. 2905 — удзел у дзейнасці арганізацыі, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прызнаная тэрарыстычнай;

ч. 1 арт. 293 — арганізацыя масавых беспарадкаў;

ч. 2 арт. 2953 — незаконны выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя паўторна або групай асоб па папярэдняй змове;

ч. 1 арт. 342 — арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства;

ч. 1 арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

ч. 3 арт. 361 — публічныя заклікі да захопу ўлады ці гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Беларусі, ці здрады дзяржаве, ці здзяйснення тэракту ці дыверсіі, ці ажыццяўлення дзеянняў, скіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці, ці здзяйснення іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый); заклікі да замежнай дзяржавы, замежнай ці міжнароднай арганізацыі здзейсніць дзеянні, скіраваныя на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі, — з выкарыстаннем СМІ, інтэрнэту, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо дзеянні, якія пацягнулі цяжкія наступствы;

ч. 1 арт. 3612 — перадача або збор грашовых сродкаў, каштоўных папер або іншай маёмасці, у тым ліку маёмасных правоў і выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, любым спосабам для свядомага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, дзейнасці, скіраванай на рэабілітацыю нацызму;

ч. 2 арт. 3612 — пералічаныя вышэй дзеянні, здзейсненыя паўторна, або групай асоб на падставе папярэдняй змовы, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў;

ч. 1 арт. 3614 — вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а роўна іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

ч. 2 арт. 3614 — пералічаныя вышэй дзеянні, здзейсненыя паўторна, або групай асоб на падставе папярэдняй змовы, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў;

ч. 2 арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта ў публічным выступе, друкаваным або публічна дэманстраваным творы, СМІ, інтэрнэце, здзейснены асобай, раней судзімай за паклёп або абразу, або злучаны з абвінавачаннем у здзяйсненні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства;

ч. 1 арт. 368 — публічная абраза прэзідэнта;

Падзяліцца: