Мінск 01:44

Ціханоўская і Латушка абмеркавалі з новым міністрам юстыцыі Літвы Моцкусам прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці

Фота: АПК

17 студзеня, Позірк. Прыцягненне да адказнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і зварот Вільнюса з гэтай нагоды ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе абмеркавалі на сустрэчы 17 студзеня кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціхноўская, яе намеснік Павел Латушка і нядаўна прызначаны міністр юстыцыі Літвы Рымантас Моцкус.

Як паведамляе прэс-служба АПК, на сустрэчы таксама абмяркоўвалася ўзаемадзеянне з іншымі краінамі па ўказаных пытаннях і наладжванне пастаяннай камунікацыі паміж АПК і літоўскім Мінюстам.

Адзначаецца, што Ціханоўская падзякавала Літве за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, міністру — “за прынцыповасць, паслядоўнасць і смеласць”.

“Упэўненая, разам мы зможам дасягнуць многага для аднаўлення законнасці і справядлівасці ў Беларусі і прыцягнення злачынцаў рэжыму да адказнасці”, — сказала кіраўніца АПК.

Паведамляецца, што Моцкус у сваю чаргу падкрэсліў прыярытэтнасць беларускай тэматыкі для новага літоўскага ўрада.

Латушка зазначыў, што кіраўнік Мінюста прапанаваў абмеркаваць супрацоўніцтва з дэмсіламі “фактычна на другім тыдні сваёй працы”.

Паводле слоў палітыка, Літва “будзе працягваць — і гэта адзін з прыярытэтаў новага ўрада — сваю праактыўную дзейнасць, каб Лукашэнка і яго саюзнікі былі прыцягнуты да адказнасці з выкарыстаннем розных міжнародных інструментаў”.

“Акрамя таго, 30 пазаведамасных арганізацый выказалі гатоўнасць перадаваць у МКС інфармацыю, якая пацвярджае здзяйсненне рэжымам злачынстваў супраць чалавечнасці трансгранічнага характару, як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін Еўрасаюза”, — сказаў Латушка.

30 верасня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) матэрыялы аб “трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс патлумачыў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце да МКС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 мая 2020 года і да гэтага часу супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі па загадзе высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і ваенных чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МКС шляхам далучэння да звароту.

Падзяліцца: