Мінск 16:09

Ціханоўская: Лукашэнка не прадстаўляе беларусаў, працягнем працаваць з ЗША і ЕС у імя дэмакратычнай Беларусі

Ціханоўская і Блінкен на палях сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін G7 (18 красавіка 2024 года; востраў Капры, Італія)
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

18 студзеня, Позірк. Падзяку за “асуджэнне рэпрэсій рэжыму і яго фіктыўных выбараў” выказала дзяржаўнаму сакратару Злучаных Штатаў Амерыкі Энтані Блінкену беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“[Аляксандр] Лукашэнка не прадстаўляе беларусаў. Разам з ЗША і нашымі саюзнікамі па ЕС мы працягнем працаваць у імя дэмакратычнай Беларусі і рэгіянальнага міру і бяспекі”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

17 студзеня Блінкен выступіў з заявай, у якой адзначыў, што прэзідэнцкія выбары 2025 года ў Беларусі “не могуць быць свабоднымі і справядлівымі ва ўмовах цяперашняй рэпрэсіўнай абстаноўкі ў краіне”. Паводле яго слоў, палітыка рэжыму Лукашэнкі па прыгнечанні іншадумства “прадвызначыла вынік выбараў задоўга да адпраўлення бюлетэняў у выбарчыя скрыні”.

“Злучаныя Штаты падзяляюць меркаванне многіх еўрапейскіх саюзнікаў пра тое, што выбары не могуць заслугоўваць даверу ва ўмовах паўсюднай цэнзуры і адсутнасці незалежных СМІ, калі ў выбарчых бюлетэнях могуць быць прадстаўленыя толькі ўхваленыя рэжымам кандыдаты, а прадстаўнікі апазіцыі альбо знаходзяцца ў турме, альбо ў выгнанні”, — адзначыў дзяржсакратар ЗША.

Па слядах заявы Блінкена прэс-сакратар Дзярждэпа Мэцью Мілер падкрэсліў, што “доўгая кампанія рэпрэсій зрабіла немагчымымі свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі, і прэзідэнцкія выбары 2025 года не могуць адлюстроўваць волю беларускага народа”. “ЗША асуджаюць фіктыўныя выбары і наўмыснае і працяглае прыгнечанне свабод рэжымам”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў Х.

У каментарыях да гэтага паведамлення амбасада Беларусі ў Вашынгтоне заявіла, што Мілер “не з’яўляецца ні суддзёй, ані прысяжным для Беларусі”, а таксама тое, што “яго “асуджэнне” безадказнае і не мае значэння”. Дыппрадстаўніцтва адзначыла, што беларускі народ “мае права выказваць сваю волю і імкнуцца да свайго шчасця, не звяртаючы ўвагі на жаданні і капрызы рэжыму ЗША”.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года (датэрміновае галасаванне — 21–25 студзеня).

Акрамя Лукашэнкі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта зарэгістраваныя лідары трох праўладных партый — Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі), Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) і Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці). Яшчэ адзін кандыдат — былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе як “дэмакратычную альтэрнатыву”, аднак крытыкуе не Лукашэнку, а яго апанентаў, якія знаходзяцца ў турме або за мяжой.

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: