Мінск 01:57

Паводле звестак Латушкі, у Еўрапарламенце рыхтуецца рэзалюцыя аб непрызнанні выбараў у Беларусі

Павел Латушка і Дайнюс Жалімас
Фота з тэлеграм-канала беларускага палітыка

18 студзеня, Позірк. У Еўрапейскім парламенце рыхтуецца рэзалюцыя аб непрызнанні прэзідэнцкіх выбараў, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызначыў на 26 студзеня 2025 года, вынікае з інфармацыі, апублікаванай 18 студзеня ў тэлеграм-канале намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.

Адзначаецца, што палітык абмеркаваў з літоўскім еўрапарламентарыем Дайнюсам Жалімасам “падрыхтоўку да прыняцця рэзалюцыі <…> у сувязі з “бязвыбарамі” ў Беларусі, у якой, як чакаецца, будзе адлюстраваная прынцыповая пазіцыя дэпутатаў Еўрапарламента аб непрызнанні выбарамі таго фарсу, які ладзіць рэжым Лукашэнкі”.

“Плануецца, што галасаванне па праекце рэзалюцыі адбудзецца 22–23 студзеня 2025 года падчас пасяджэння Еўрапарламента ў Страсбургу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Латушка лічыць важным, каб у дакуменце была адлюстраваная значнасць “выкарыстання механізмаў Міжнароднага крымінальнага суда для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці разам з заклікам да іншых дзяржаў — членаў ЕС далучыцца да звароту ўрада Літвы аб пачатку расследавання беларускай сітуацыі ў МКС”.

Раней Латушка абмяркоўваў пытанне прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці на сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Літвы Габіяй Грыгайтэ-Даўгірдэ, да гэтага разам з кіраўніком АПК Святланай Ціханоўскай — на сустрэчы з літоўскім міністрам юстыцыі Рымантасам Моцкусам.

30 верасня 2024 года ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы аб “трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, здзейсненых Лукашэнкам і яго памагатымі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс патлумачыў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МКС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 года і дагэтуль супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Беларускія дэмсілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МКС шляхам далучэння да звароту.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года (датэрміновае галасаванне — 21–25 студзеня).

Акрамя Лукашэнкі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта зарэгістраваныя лідары трох праўладных партый — Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі), Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) і Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці). Яшчэ адзін кандыдат — былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе як “дэмакратычную альтэрнатыву”, аднак крытыкуе не Лукашэнку, а яго апанентаў, якія знаходзяцца ў турме або за мяжой.

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: