Мінск 15:38

У ДТЗ з маршруткай пад Мінскам пацярпела сем чалавек, у тым ліку дзіця

Фота: МУС

19 студзеня, Позірк. Сем чалавек дастаўлена ў медустанову ў выніку дарожна-транспартнага здарэння ў Мінскім раёне з удзелам маршрутнага таксі, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Аварыя, паводле звестак ведамства, адбылася каля 10 гадзін 19 студзеня на аўтадарозе, якая злучае Мінск і Мачулішчы.

“34-гадовы кіроўца маршрутнага таксі, паводле папярэдняй інфармацыі, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у правы па ходзе руху кювет, “Мэрсэдэс” перакуліўся”, — гаворыцца ў паведамленні МУС.

На месцы ДТЗ працуюць супрацоўнікі ДАІ.

Ведамства ў чарговы раз нагадала, што “кіроўцам неабходна выбіраць бяспечную хуткасць руху ў адпаведнасці з ўмовамі надвор’я і дарожнымі ўмовамі”, пры гэтым “усе змешчаныя ў транспартным сродку павінны выкарыстоўваць рамяні бяспекі”.

29 снежня ў выніку сутыкнення легкавога аўтамабіля BMW і маршрутнага таксі ў Жыткавіцкім раёне (Гомельская вобласць) 11 чалавек, якія ехалі ў мікрааўтобусе, даставілі ў бальніцу для абследавання. Сярод іх было 8-гадовае дзіця.

Раніцай 16 снежня ў Валожынскім раёне (Мінская вобласць) адбылася аварыя з удзелам маршруткі, у якой было дзевяць пасажыраў. Паводле інфармацыі МУС, 66-гадовы кіроўца не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Аўтамабіль перакуліўся.

Падзяліцца: