Мінск 21:45

Прэзідэнт Літвы Наўседа: Трэба абмеркаваць юрыдычны і дыпламатычны аспекты “пашпарта новай Беларусі”

Фота: старонка Гітанаса Наўседы ў "Фэйсбуку"

19 студзеня, Позірк. Пра неабходнасць абмеркаваць падрабязнасці праекта “пашпарта новай Беларусі” заявіў журналістам 19 студзеня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Паводле яго слоў, якія перадае партал respublika.lt, важнасць прадстаўляюць “юрыдычны і дыпламатычны аспекты гэтага пытання”.

“Я лічу, гэта варта ўлічваць”, — сказаў літоўскі прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што падабенства літоўскага герба “Віціс” і беларускага гістарычнага герба “Пагоня”, намаляванага на вокладцы “пашпарта новай Беларусі” не варта перабольшваць.

“Вы ведаеце, ніхто не збіраецца перапісваць гісторыю. Гісторыя такая, якая яна ёсць. <…> У мяне і ў многіх няма сумневаў у тым, што такое гістарычная сталіца Літвы, адкуль узялася наша палітычная воля і палітычная сіла, што яна прыйшла з Вільнюса і ахоплівала тэрыторыі цяперашніх Беларусі і Украіны”, — сказаў Наўседа.

“І, шчыра кажучы, я не думаю, што “Віціс” як выдатны і прыгожы літоўскі сімвал можа быць выкарыстаны іншымі народамі, таму што ён адлюстроўвае нашу волю, творчасць і мужнасць”, — дадаў кіраўнік літоўскай дзяржавы.

На яго думку, Літва, “безумоўна, можа” дазволіць выкарыстоўваць “Віціс” народам, якія “вызнаюць свабоду” і не ўхваляюць палітыку прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Раней на падабенства гербаў звярнула ўвагу Міністэрства замежных спраў Літвы.

“На пашпарце дэмакратычнай Беларусі дзяржаўны герб Літвы “Віціс” не выкарыстоўваецца”, — падкрэслілі ў ведамстве.

Падабенства літоўскага герба “Віціс” і беларускага гістарычнага герба “Пагоня”, намаляванага на вокладцы дакумента, МЗС пракаментаваў так: “Адна з асноўных прапагандысцкіх ліній — гэта спроба пасварыць літоўцаў і беларускія дэмакратычныя сілы па пытанні дзяржаўнай сімволікі. Па гэтым пытанні, як і па іншым пытанні — літвінізму, мы бачым мэтанакіраваную дзейнасць рэжыму Лукашэнкі”.

Перад гэтым дэпутаты Сейма ад партыі “Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы” Аўдронюс Ажубаліс, Лаўрынас Кашчунас (дзейны міністр абароны), Валдас Ракуціс, Казіс Старкявічус і Арвідас Поцюс выказалі занепакоенасць з нагоды нібыта выявы дзяржаўнага геоба Літвы на “пашпарце новай Беларусі” і папрасілі МЗС “прааналізаваць сітуацыю”.

Старшыня камітэта Сейма па замежных справах Рэмігіюс Матузас заявіў, што Літве не варта прызнаваць “альтэрнатыўны беларускі пашпарт”: “Гэта некалькі паспешны крок, патрэбны быў больш пільны аналіз, кансультацыі. Пашпарт гэта і Шэнгенская зона, і прастора Еўрасаюза. Гэта надзвычай адчувальнае пытанне”.

Ён адзначыў, што беларусам, якія пражываюць у Літве, можа быць прадастаўлены прытулак, выдадзены від на жыхарства ў гэтай краіне. На яго думку, выдача новага дакумента можа насіць сімвалічны характар.

Адказваючы на пытанне, як ён ставіцца “да ініцыятывы выявы на пашпартах новай Беларусі сімвала, запазычанага з герба Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ)”, Матузас сказаў: “Мая першая рэакцыя была негатыўнай, як быццам гэта было крыніцай нейкага памкнення да літоўскай дзяржаўнасці. Аднак варта было б пагаварыць з прадстаўнікамі офіса Святланы Ціханоўскай, магчыма, яны проста хацелі паказаць, што пражываюць тут і лаяльныя да нашай сімволікі. З іншага боку, “Віціс” афіцыйна не прызнаны ва ўсіх нашых геральдычных структурах”.

Друк “пашпарта новай Беларусі” будзе ажыццяўляцца ў Беларускім пашпартным цэнтры ў Вільнюсе, “разглядаецца магчымасць стварэння аналагічных цэнтраў у Польшчы і, магчыма, Украіне”, паведаміў 14 студзеня дырэктар праекта Марус Гудэлайціс.

Прымаць заяву на выраб і выдачу пашпарта плануецца пачаць 26 студзеня, сказаў ён.

Будучы статус пашпарта “падлягае абмеркаванню”, падарожнічаць з ім “будзе нельга да ўключэння яго ў базы трэвел-дакументаў”.

Аб праекце “пашпарта новай Беларусі” стала вядома ў лютым 2023 года.

У сакавіку 2024 года АПК паведаміў аб завяршэнні стварэння “пашпартнага цэнтра” і фарміравання “каманды прафесіяналаў”, якая будзе займацца праектам.

28 траўня Беларускі расследвальніцкі цэнтр апублікаваў даследаванне “Пашпарт новай Беларусі” і стары “кашалёк” Лукашэнкі. Як кампанія — распрацоўшчык дакумента звязана з Віктарам Шаўцовым”. Журналісты БРЦ сцвярджалі, што літоўскае прадпрыемства Garsų Pasaulis звязанае з блізкім да Лукашэнкі бізнесменам, а Геральдычную раду ўзначальвае былы супрацоўнік беларускага МУС.

Падзяліцца: