Мінск 19:58

Шасцёра пацярпелых у ДТЗ з маршруткай пад Мінскам шпіталізаваныя

19 студзеня, Позірк. Аб шпіталізацыі шасцярых пацярпелых у выніку дарожна-транспартнага здарэння ў Мінскім раёне паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

“Усіх агледзелі спецыялісты чатырох брыгад хуткай медыцынскай дапамогі і накіравалі на шпіталізацыю ў Мінскую абласную бальніцу, Мінскую абласную дзіцячую бальніцу і бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Мінска”, — гаворыцца ў паведамленні, з чаго вынікае, што шпіталізавана дзіця.

Адзначаецца, што ў пацыентаў дыягнаставаны спалучаныя траўмы, пераломы, удары, чэрапна-мазгавыя траўмы.

“Урачы цяпер праводзяць кансіліумы, дыягнастычныя даследаванні ўсім пацярпелым у ДТЗ”, — заявілі ў ведамстве.

Аб ДТЗ з маршруткай паведаміла 19 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў.

Сем чалавек, у тым ліку 11-гадовае дзіця, дастаўлена ў медустанову, адзначылі ў ведамстве.

Аварыя, паводле даных МУС, адбылася каля 10 гадзін 19 студзеня на аўтадарозе, якая злучае Мінск і Мачулішчы.

“34-гадовы кіроўца маршрутнага таксі, паводле папярэдняй інфармацыі, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у правы па ходзе руху кювет, “Мэрсэдэс” перакуліўся”, — гаворыцца ў паведамленні.

Ведамства ў чарговы раз нагадала, што “кіроўцам неабходна выбіраць бяспечную хуткасць руху ў адпаведнасці з ўмовамі надвор’я і дарожнымі ўмовамі”, пры гэтым “усе змешчаныя ў транспартным сродку павінны выкарыстоўваць рамяні бяспекі”.

Падзяліцца: