Мінск 00:53

ByPol заявіў пра рызыкі ўцечкі асабістых даных грамадзян пры атрыманні “пашпарта новай Беларусі”

Крыніца: belarus-passport.com

19 студзеня, Позірк. Асцярогамі ў сувязі з рэалізацыяй праекта “пашпарта новай Беларусі” падзялілася на сваім сайце аб’яднанне былых сілавікоў ByPol.

Дакумент, над якім працуюць дэмакратычныя сілы, названы ў каментары “звычайным сувенірам”, бо заходнія краіны аб яго прызнанні яшчэ не заяўлялі.

“Датэрміновы выпуск нікім не прызнанага пашпарта з’яўляецца дыскрэдытацыяй гэтай ідэі. Можна канстатаваць, што праект паспяхова правалены і ператварыўся ў чарговы “станоўчы” інфапавод і не больш за тое”, — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Былыя сілавікі звяртаюць увагу на неабходнасць здачы біяметрычных даных пры атрыманні “пашпарта новай Беларусі”. Падкрэсліваецца, што “біяметрыя толькі палягчае працэс праходжання пашпартнага кантролю ў некаторых краінах, дзе на мяжы ўсталяваныя спецыяльныя счытвальныя прылады”. “Аднак нават у гэтым выпадку ўезд у гэтыя краіны магчымы і па звычайных пашпартах”, — адзначае ByPol.

Канстатуецца, што для збору і захоўвання асабістых даных “неабходна стварэнне сур’ёзнай сістэмы бяспекі”, а “з улікам апошніх узломаў прадстаўнікоў [Аб’яднанага пераходнага] кабінета і ўцечкі даных у названых арганізацыях яна хутчэй за ўсё папросту адсутнічае”.

“[Кіраўнік праекта] Марус Гудэлайціс плануе ў бліжэйшы час паведаміць адрас пашпартнага цэнтра ў Вільнюсе, [пры якім будзе наладжана выдача дакумента]. Пры выкарыстанні адпаведных тэхнічных сродкаў, у тым ліку сістэмы Kipod, прадстаўнікі спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі змогуць устанаўліваць асобы ўсіх наведвальнікаў гэтага цэнтра, што можа выкарыстоўвацца як падстава да ўзбуджэння чарговых крымінальных спраў”, — заяўляе ByPol.

Таксама, на думку арганізацыі, “можа адбыцца ўцечка асабістых звестак беларусаў, многія з якіх пераследуюцца паводле палітычных матываў”. З дапамогай гэтых даных, як сцвярджаецца, “рэжым можа ўстанавіць іх месцазнаходжанне ў краінах знаходжання”.

“Рызыка, звязаная з набыццём пашпартоў, вельмі вялікая, а практычнай карысці ад гэтага дакумента пакуль што няма і, хутчэй за ўсё, не будзе”, — гаворыцца ў паведамленні.

Былыя сілавікі заяўляюць і пра рызыкі “здачы біяметрыі”, бо “гэтая інфармацыя можа трапіць у рукі спецслужбаў Лукашэнкі і пасля выкарыстаная для пераследу вымушаных палітуцекачоў і імігрантаў”.

Друк “пашпарта новай Беларусі” будзе ажыццяўляцца ў Беларускім пашпартным цэнтры ў Вільнюсе, “разглядаецца магчымасць стварэння аналагічных цэнтраў у Польшчы і, магчыма, Украіне”, паведаміў 14 студзеня дырэктар праекта Марус Гудэлайціс.

Прымаць заяву на выраб і выдачу пашпарта плануецца пачаць 26 студзеня, сказаў ён.

Будучы статус пашпарта “падлягае абмеркаванню”, падарожнічаць з ім “будзе нельга да ўключэння яго ў базы трэвел-дакументаў”.

Аб праекце “пашпарта новай Беларусі” стала вядома ў лютым 2023 года.

У сакавіку 2024 года АПК паведаміў аб завяршэнні стварэння “пашпартнага цэнтра” і фарміравання “каманды прафесіяналаў”, якая будзе займацца праектам.

28 траўня Беларускі расследвальніцкі цэнтр апублікаваў даследаванне “Пашпарт новай Беларусі” і стары “кашалёк” Лукашэнкі. Як кампанія — распрацоўшчык дакумента звязана з Віктарам Шаўцовым”. Журналісты БРЦ сцвярджалі, што літоўскае прадпрыемства Garsų Pasaulis звязанае з блізкім да Лукашэнкі бізнесменам, а Геральдычную раду ўзначальвае былы супрацоўнік беларускага МУС.

ByPol дзейнічае ў эміграцыі з 2020 года. У выніку ўнутранага канфлікту ў 2023 годзе арганізацыю пакінуў шэраг супрацоўнікаў, якія стварылі аб’яднанне BelPol. Публічнымі прадстаўнікамі ByPol з’яўляюцца былыя афіцэры МУС Беларусі Аляксандр Азараў (экс-прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку) і Станіслаў Лупаносаў.

Падзяліцца: