Мінск 19:54

З асобнымі краінамі Захаду тавараабарот Беларусі павялічыўся — дэпутат Шпакоўскі

Крыніца: Freepik.com

20 студзеня, Позірк. “З асобнымі краінамі захаду наш гандлёвы абарот ⟨…⟩ павялічыўся, хаця ў цэлым, вядома, з Еўрапейскім саюзам з прычыны санкцый асеў”, — заявіў член пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, праўладны прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры “Альфа-Радыё” 20 студзеня.

Паводле яго сцвярджэння, Мінск захоўвае кантакты ў ЕС “і з палітычнымі коламі, і з дзелавымі”.

“Я не буду раскрываць нашу гандлёвую статыстыку, таму што мы яе засакрэцілі — і не дарма. Нездарма МВФ некалькі разоў памыляўся ў прагнозах адносна нашай краіны. То бок, чым больш мы трымаем у сакрэце гэтыя звесткі, тым складаней нашым апанентам прыдумаць Беларусі нейкія гадасці”, — сказаў палітык.

Раней старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў заяўляў, што звесткі аб гандлі з Беларуссю нібыта просяць не раскрываць еўрапейскія партнёры.

“Я б сёння, напэўна, зыходзячы з таго, што ўведзеныя санкцыі і нашыя партнёры просяць часам не называць лічбы і канкрэтныя пазіцыі [гандлю], па іх просьбе мы гэта і робім…. Але хачу сказаць, што мы праводзім рэгулярныя сустрэчы: правялі паседжанне дзелавога савета ў Аўстрыі (выязджаў беларускі бізнэс), літаральна нядаўна ў нас была дэлегацыя з Сербіі, з якой праводзілі пленарную частку і В2В перамовы з беларускімі кампаніямі“, — сказаў Мятлікаў у эфіры тэлеканала СТБ 12 студзеня.

Апошні на гэты момант пакет санкцый ЕС у дачыненні да беларускіх асоб быў прыняты 16 снежня мінулага года, зараз пад еўрапейскімі санкцыямі знаходзяцца 287 фізічных і 40 юрыдычных беларускіх асоб.

Акрамя таго, Еўрасаюзам уведзена забарона на экспарт у Беларусь і імпарт з яе шырокага спектра прадукцыі, а таксама аказання пэўных паслуг. Апошні раз адпаведны спіс карэктаваўся ў канцы чэрвеня мінулага года.

Таксама для мінімізацыі рызыкі абыходу Беларуссю і Расіяй адпаведных санкцый Еўрасаюзам забаронены транзіт праз тэрыторыю Беларусі тавараў і тэхналогій — двайнога прызначэння; тых, якія могуць садзейнічаць ваенна-тэхнічнаму ўмацаванню або развіццю яе сектара абароны і бяспекі; прадукцыі, якая можа садзейнічаць умацаванню беларускага прамысловага патэнцыялу; тавараў і тэхналогій для авіяцыйнай ці касмічнай прамысловасці; зброі, якая экспартуецца з ЕС. Забаронены не толькі экспарт, але і рээкспарт у Беларусь “стратэгічна важных тавараў і тэхналогій, тактычнай прадукцыі, агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў”.

Падставамі для ўвядзення і пашырэння санкцый Еўразвяза з’яўляюцца парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку ў кантэксце падзеяў 2020 года і наяўнасці значнай колькасці палітычных зняволеных, а таксама падтрымка беларускімі ўладамі расійскай вайсковай агрэсіі ва Украіне.

Падрабязныя звесткі аб экспарце Белстат не публікуе з 2021 года.

Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі за студзень — лістапад 2024 года склаў 91 млрд 42,1 млн долараў — на 5,2% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га (86 млрд 557,4 млн), сведчаць папярэднія звесткі Нацыянальнага банка.

Экспарт склаўся на ўзроўні 45 млрд 190,8 млн долараў (43 млрд 515,8 млн; 3,8%), імпарт — 45 млрд 851,3 млн (43 млрд 41,6 млн; 6,5%). Адмоўнае сальда — 660,5 млн даляраў (годам раней было станоўчым — 474,3 млн).

Падзяліцца: