Мінск 08:02

Амбасада Вялікабрытаніі ў Мінску вітала памілаванне групы палітвязняў

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

20 студзеня, Позірк. Амбасада Вялікабрытаніі ў Мінску вітала навіну аб памілаванні ў Беларусі яшчэ 23 палітвязняў.

Урад Вялікабрытаніі “працягвае заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі”, адзначае дыпламатычнае прадстаўніцтва.

18 студзеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла аб падпісанні ім указа аб памілаванні яшчэ 23 асоб, якія “ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці“.

Адзначалася, што ў ліку памілаваных 20 мужчын і тры жанчыны. 13 чалавек старэйшыя за 50 гадоў, у 14 хранічныя захворванні; у 12 ёсць дзеці (сярод памілаваных адзін шматдзетны бацька).

Сцвярджалася, што рашэнне прынятае “з прынцыпаў гуманізму”.

“Памілаваным даецца шанец вярнуцца да нармальнага жыцця. Міністэрства ўнутраных спраў забяспечыць кантроль за іх правапаслухмянымі паводзінамі”, — гаварылася ў паведамленні.

У 2025 годзе гэта першы акт памілавання грамадзян, асуджаных па палітычных матывах.

Летась было восем хваляў памілавання.

Падзяліцца: