Мінск 13:58

ISW: Паўночная Карэя, верагодна, выстаўляе ўмовы для пашырэння супрацы з Беларуссю

Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын
Ілюстрацыйнае фота: Генеральнае консульства КНДР ва Уладзівастоку

21 студзеня, Позірк. Паўночная Карэя, верагодна, выстаўляе ўмовы для пашырэння супрацы з Беларуссю, гаворыцца ў новай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Такім чынам аналітыкі расцанілі заяву “сястры паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чэн Ына” Кім Ё Чжон пра тое, што КНДР “гатовая развіваць двухбаковыя стасункі з Беларуссю, але Беларусі неабходна больш дакладна пазначыць свае намеры”.

Напярэдадні намеснік дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта кіруючай у КНДР Працоўнай партыі Карэі Кім Ё Чжон абвергла сцвярджэнне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Пхеньян прапаноўваў Мінску арганізацыю сустрэчы на найвышэйшым узроўні.

“Я добра ведаю, што беларускі бок на працягу як мінімум двух гадоў шчыра спадзяецца на кантакт на высокім узроўні з КНДР”, — цытавала Кім Ё Чжон Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі. Сястра паўночнакарэйскага правадыра адзначыла, што з боку Пхеньяна такой прапановы не паступала.

“Калі вы спадзяецеся на развіццё стасункаў супрацы з намі, важна дакладна заявіць пра свае намеры. Я лічу, што такая праўдзівасць і сумленнасць павінны стаць зыходным пунктам у двухбаковых стасунках паміж краінамі. Калі Беларусь зыходзіць з гэтай пазіцыі і імкнецца развіваць з намі стасункі сяброўства і супрацыоўніцтва, мы не маем падстаў адмаўляцца і з радасцю гэта вітаем”, — заявіла яна.

17 студзеня на нарадзе па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці ў 2025 годзе Лукашэнка заявіў, што “каля пяці дзяржаў, уключаючы Пакістан, Інданезію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы аб арганізацыі сустрэч на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы”.

Віншуючы кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына летась 9 верасня з Днём утварэння КНДР, Лукашэнка адзначыў, што “ўвесь свет з’яўляецца сведкам” таго, як Паўночная Карэя “з гонарам ідзе па шляху незалежнага развіцця”.

Мінск і Пхеньян, лічыць ён, “хутка дасягнуць значнага прагрэсу ў наладжванні практычнага ўзаемадзеяння ў такіх галінах, як сельская гаспадарка, медыцына і фармацэўтыка, адукацыя”.

Беларускія ўлады каля года таму сталі актыўна заяўляць пра свой інтарэс да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржавы з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы.

На перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць пра супрацу недзе на траіх”.

18 студзеня 2024 года Сяргей Алейнік, які на той момант займаў пасаду кіраўніка МЗС, абмеркаваў “паглыбленне супрацы” з намеснікам міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Кімам Сонгам Жыёнгам. Сустрэча адбылася на палях саміту Руху Недалучэння ў Кампале (Уганда).

У красавіку 2024 года ў рамках “планавых палітычных кансультацый” паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін Пхеньян наведваў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў.

23–25 ліпеня КНДР наведаў цяперашні міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Па выніках візіту ён заявіў, што Паўночная Карэя — “краіна вельмі цікавая, і канкрэтны прыклад, як працуюць фейкі, якія навязваюцца праз нейкія інфармацыйныя рэсурсы міжнароднай супольнасці”.

“Будоўла ідзе па ўсіх тых гарадах, якія мы праляталі ці праязджалі. Пхеньян — вельмі чысты, добры, акуратны горад. Толькі што няма вялізных асабнякоў такіх за кальцавой, як у нас бывае”, — адзначыў Рыжанкоў.

Вайскоўцы КНДР бяруць удзел у вайне Расіі супраць Украіны на баку Масквы. Мінск падтрымлівае агрэсію.

Падзяліцца: