Мінск 16:45

Еўрапарламент 21 студзеня абмяркуе праект рэзалюцыі па Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Michel Christen / EP

21 студзеня, Позірк. Абмеркаванне праекта рэзалюцыі “Адказ ЕС на працяглыя рэпрэсіі ў Беларусі” ў Еўрапейскім парламенце (ЕП) распачнецца 21 студзеня, як чакаецца, каля 18:00 паводле мінскага часу, вынікае з інфармацыі на сайце заканадаўчага органа Еўрасаюза.

Галасаванне па дакуменце намечанае на 22 студзеня.

Згодна з праектам рэзалюцыі, які мае “Радыё Свабода”, еўрапарламентарыі могуць “рашуча асудзіць” прэзідэнцкія выбары ў Беларусі (датэрміновае галасаванне — 21–25 студзеня, асноўны дзень — 26 студзеня), назваўшы іх “фікцыяй” праз рэпрэсіўную абстаноўку і адсутнасць дэмакратычных стандартаў.

У праекце рэзалюцыі Еўрапарламент пацвярджае, што не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, заклікае правесці свабодныя і справядлівыя выбары.

Прапануецца таксама асудзіць сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, прыгнечанне грамадзянскай супольнасці і саўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны. У праекце дакумента пацвярджаецца падтрымка беларускага народа ў яго імкненні да дэмакратыі і правоў чалавека.

Адзначана, што ў Беларусі налічваецца больш за 1.250 палітзняволеных, многія з якіх зазнаюць катаванні, знаходзяцца ў небяспечных для жыцця ўмовах, пазбаўленыя медычнай дапамогі.

У праекце рэзалюцыі канстатуецца, што арганізацыі грамадзянскай супольнасці, журналісты, адвакаты, рэлігійныя лідары і палітычныя актывісты працягваюць зазнаваць пераслед у краіне.

Дакумент утрымлівае заклік да краін — членаў ЕС расследаваць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі з прымяненнем універсальнай юрысдыкцыі — прававога прынцыпу, які дазваляе дзяржавам або міжнародным арганізацыям прэтэндаваць на крымінальную юрысдыкцыю ў дачыненні да абвінавачанага незалежна ад месца здзяйснення злачынства; падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд па пытанні злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі; дакументаваць і пераследаваць за міжнародныя злачынствы, здзейсненыя рэжымам.

Прэзідэнт ЕП Раберта Метсола, выступаючы летась 19 снежня ў Еўрапейскім савеце, заявіла, што “вольная і дэмакратычная Беларусь павінна быць часткай дыскусій” у еўрапейскіх палітычных структурах.

19 верасня 2024 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб цяжкім становішчы палітычных вязняў у Беларусі.

13 верасня 2023 года ЕП прыняў рэзалюцыю “Аб сітуацыі ў Беларусі”, у якой запатрабаваў ад беларускіх уладаў спынення “спіралі гвалту, катаванняў, рэпрэсій і прапаганды супраць іншадумцаў”, безумоўнага вызвалення палітвязняў, абвяшчэння амністыі для “ўсіх арыштаваных з палітычных матываў”, аказання неабходнай медычнай дапамогі палітвязням з цяжкімі захворваннямі, правядзення незалежнага расследавання па фактах смерці палітвязняў.

Падзяліцца: