Мінск 08:09

Літва перадасць Украіне тры аўтамабілі, канфіскаваныя ў грамадзян Беларусі за кантрабанду цыгарэт

Фота: Мытная служба Літвы

21 студзеня, Позірк. Супрацоўнікі Мытнай службы Літвы на мінулым тыдні канфіскавалі ў грамадзян Беларусі тры аўтамабілі, у якіх перавозіліся кантрабандныя цыгарэты, паведамляе прэс-служба ведамства.

Адзначаецца, што гэта адбылося ў пункце пропуску Медзінінкай (Каменны Лог з беларускага боку).

Усяго, як удакладняецца, беларусы спрабавалі ўвезці ў Літву больш за 3 тыс. пачак цыгарэт, іх выявілі пры дапамозе рэнтгенаўскай праверкі ў розных месцах: у тайніках пад сядзеннямі, пад парогамі аўтамабіля, пад пярэдняй панэллю прыбораў ды інш.

Кошт тавару ацэнены ў 13.573 еўра. У дачыненні да грамадзян Беларусі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, ім пагражае штраф ад 2 да 6 тыс. еўра.

У рэлізе гаворыцца пра канфіскацыю аўтамабіляў BMW X5, BMW X6 і Mercedes-Benz. “Такія аўтамабілі перадаюцца для патрэб Украіны”, — падкрэслівае ведаства.

У 2024 годзе Літва перадала Украіне ў якасці гуманітарнай дапамогі 114 канфіскаваных аўтамабіляў, звяртае ўвагу мытная служба.

Кантрабандысты спрабуюць пераправіць у Літву з Беларусі цыгарэты рознымі спосабамі. У апошні час кантрабандысты актыўна выкарыстоўваюць розныя аэрастаты — метэаралагічныя зонды, паветраныя шары, а таксама беспілотнікі для дастаўкі нелегальных грузаў з Беларусі ў Літву. У асноўным такім чынам перасылаюць цыгарэты.

У 2024 годзе было перахоплена 52 беспілотныя лятальныя апараты, якія спрабавалі правезці кантрабандныя цыгарэты ў Літву з Беларусі, паведаміла 5 снежня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

12 лістапада партал Delfi са спасылкай на мясцовае МУС паведаміў, што ад пачатку студзеня да сярэдзіны кастрычніка 2024 года ў Літве было зафіксавана 791 метэазонд з кантрабанднымі грузамі з Беларусі, іх стала больш з другой паловы жніўня.

28 лістапада на станцыі Кібартай (Марыямпальскі павет) у цягніку, які рухаўся з Калінінградскай вобласці РФ, была выяўлена найбуйнейшая за год партыя кантрабандных беларускіх цыгарэт. У столях двух вагонаў было знойдзена 112 тыс. пачак цыгарэт, іх агульны кошт, уключаючы абавязковыя падаткі, ацэньваўся ў 503 тыс. еўра.

Падзяліцца: