Мінск 07:37

Дзевяць грамадзян Літвы затрыманыя за кантрабанду цыгарэт з Беларусі

21 студзеня, Позірк. Чатыры метэазонды з беларускімі цыгарэтамі былі перахопленыя ў ноч на 21 студзеня, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Канфіскавана 5.400 пачак цыгарэт.

Ведамства паведамляе аб затрыманні дзевяці грамадзян Літвы, падазраваных у датычнасці да кантрабанды цыгарэт. Канфіскаваныя два пазадарожнікі, якія, паводле звестак САДМ, выкарыстоўваліся некалькімі затрыманымі для мэтаў кантрабанды.

Праводзіцца дасудовае расследаванне.

У САДМ падкрэсліваюць, што кантрабандыстам стала значна складаней ажыццяўляць незаконную дзейнасць пасля таго, як на мяжы з Беларуссю быў узведзены фізічны бар’ер з сістэмай відэаназірання. Дзякуючы гэтаму, як заяўляецца, колькасць цыгарэт, што незаконна ўвозяцца ў Літву, значна скарацілася. У 2024 годзе памежнікі перахапілі больш за 1 млн 386 тыс. пачкаў цыгарэт, у 2023 годзе гэты паказчык склаў больш за 2 млн 549 тыс. пачкаў, а ў 2022 годзе — больш за 4 млн 322 тыс. пачкаў.

30 верасня 2024 года стала вядома, што САДМ ініцыявала папраўкі ў заканадаўства, каб атрымаць права прымяняць агнястрэльную зброю супраць невядомых аб’ектаў, якія залятаюць на тэрыторыю краіны па паветры. З адпаведнай просьбай у МУС звярнуўся начальнік САДМ Рустам Любаеў.

Ноччу 10 студзеня ў раёне аграгарадка Пагародна (Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці) ў 5 км ад мяжы з Літвой памежнікі затрымалі пяцярых грамадзян Беларусі, паведамлялі ў Дзяржаўным памежным камітэце.

Група перасоўвалася на трох аўтамабілях. У транспарце было знойдзена “болей за 100 газавых балонаў, 9 аэрастатычных шароў, 28 GPS-трэкераў, а таксама больш за 30 SIM-карт літоўскага аператара мабільнай сувязі”.

Аўтамабілі і знойдзеныя ў іх прадметы былі канфіскаваныя, праводзіцца разбіральніцтва.

Падзяліцца: