Мінск 22:19

Прызнанне КР сігналізуе, што рэжым Лукашэнкі не законны ў вачах цывілізаванага свету — Мельнікава

Скрыншот: відэазапіс прэс-канферэнцыі ў Сенаце Польшчы

22 студзеня, Позірк. Гатоўнасць Сената Польшчы падпісаць пагадненне з Каардынацыйнай радай (КР), прызнаўшы яе “легітымным прадстаўнічым органам беларускай грамадзянскай супольнасці, свайго роду парламентам у выгнанні”, з’яўляецца “вялікім гонарам” для КР, заявіла на прэс-канферэнцыі 22 студзеня ў Варшаве спікер гэтай структуры дэмсіл Анжаліка Мельнікава.

Пра планы падпісаць такі дакумент на пасяджэнні верхняй палаты польскага парламента ў гэты ж дзень абвясціла спікер Сената Малгажата Кідава-Блоньска, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

Мельнікава, а таксама намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і член КР Павел Латушка прысутнічалі на гэтым пасяджэнні, падчас якога сярод іншага была прынятая рэзалюцыя аб непрызнанні выбараў у Беларусі.

Гатоўнасць польскага Сената працаваць з КР, на думку Мельнікавай, з’яўляецца “відавочным сігналам пра тое, што рэжым Лукашэнкі не законны ў вачах краін цывілізаванага свету”.

Палітык падкрэсліла, што КР “як прадстаўнічы орган” прызнаюць партнёрам не толькі нацыянальныя парламенты, але і міжнародныя арганізацыі, напрыклад, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы. “У бліжэйшую нядзелю дэлегацыя Каардынацыйнай рады накіруецца ў Страсбург, каб Беларусь упершыню ў гісторыі была прадстаўленая на такім высокім узроўні”, — паведаміла яна.

У сваю чаргу Латушка заявіў, што АПК і КР актыўна працуюць над тым, каб як мага большая колькасць парламентаў і ўрадаў дэмакратычных краін “прытрымліваліся палітыкі непрызнання Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта Беларусі”, непрызнання вынікаў выбараў.

Латушка разлічвае, што пасля рэзалюцыі Сената Польшчы “аналагічныя рашэнні прымуць іншыя нацыянальныя парламенты, а таксама Еўрапейскі парламент”.

“Лукашэнка з’яўляецца злачынцам, і гэта мусіць атрымаць прававую ацэнку. Ён здзейсніў і працягвае здзяйсняць масавыя злачынствы супраць чалавечнасці супраць беларускага народа”, — падкрэсліў намеснік кіраўніцы АПК.

Падзяліцца: