Мінск 07:11

Афрыканцы прапануюць Беларусі ствараць сельгасхолдынгі, сцвярджае Шэйман

22 студзеня, Позірк. Аб жаданні “афрыканскіх партнёраў” ствараць з Беларуссю сельскагаспадарчыя холдынгі далажыў Аляксандру Лукашэнку 22 студзеня яго спецыяльны пасланнік па Афрыцы Віктар Шэйман.

У прыватнасці, дакладчык адзначыў, што на кантыненце ёсць прапановы адкрыць прадпрыемствы па вытворчасці і перапрацоўцы мяса птушкі і ялавічыны, малочнай прадукцыі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Таксама размова ішла аб патрэбе ў беларускай машынабудаўнічай і харчовай прадукцыі, дапамозе ў будаўніцтве аўтамабільных дарог і чыгункі, падрыхтоўцы спецыялістаў для працы на беларускай тэхніцы, яе сэрвіснага абслугоўвання і рамонту, будаўніцтве электрастанцый.

Лукашэнка даручыў “узмацніць працу з выхадам на стварэнне сумесных прадпрыемстваў і заключэнне доўгатэрміновых кантрактаў“.

Яшчэ адной тэмай размовы стала стварэнне ў Беларусі новых вытворчасцяў, якія працуюць у тым ліку ў галіне штучнага інтэлекту. Гэты кірунак быў адзначаны як”перспектыўны”.

Напярэдадні Шэйман сустрэўся з супрацоўнікамі ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкай вобласці.

У прыватнасці, перадае прэс-служба міліцыі рэгіёну, ён “распавёў аб складанасцях, з якімі даводзілася сутыкацца дзейнаму прэзідэнту за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, каб падняць краіну з таго заняпаду, у якім яна знаходзілася на пачатку 1990-х”. Шэйман застаўся адзіным чальцом першай каманды Лукашэнкі, з якой ён ішоў на першыя прэзыдэнцкія выбары ў 1994 годзе.

Сучасную Беларусь Шэйман назваў краінай з “развітай прамысловасцю і эканомікай, сельскай гаспадаркай і аховай здароўя, машынабудаваннем”. Ключавую ролю ў гэтым адыгралі “асабістыя якасці і пісьменныя кіраўнічыя рашэнні Аляксандра Лукашэнкі”, мяркуе ён.

Шэймана звязваюць са стварэннем і курыраваннем “эскадрону смерці“ — групы сілавікоў, якая выкрала і забіла экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага.

Летась 14 чэрвеня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падоўжыў на чарговы год, пачынаючы з 16 чэрвеня, дзеянне нацыянальнага рэжыму надзвычайнай сітуацыі (НС) у дачыненні да Беларусі. Прэзідэнт Джордж Буш-малодшы ўвёў рэжым НС у дачыненні да Беларусі пасля асуджэння экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандра Казуліна (5,5 года зняволення, выйшаў на волю ў жніўні 2008-га).

У 2006 годзе пад абмежаванні трапілі Лукашэнка, а таксама яго чыноўнікі: Наталля Пяткевіч (на той момант намеснік кіраўніка яго адміністрацыі), Віктар Галаванаў (міністр юстыцыі), Аляксандр Зімоўскі (кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі), Сцяпан Сухарэнка (старшыня КДБ), Віктар Шэйман (дзяржсакратар Савета бяспекі), Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір САХР), Уладзімір Навумаў (міністр унутраных спраў), Лідзія Ярмошына (старшыня Цэнтрвыбаркама) і Віктар Лукашэнка (дарадца бацькі па нацыянальнай бяспецы).

Падзяліцца: