Мінск 00:55

У Польшчы канфіскаваная чарговая партыя беларускіх цыгарэт без акцызных марак

20 студзеня, Позірк. Больш за 1,2 млн беларускіх цыгарэт без акцызных марак выявілі 17 студзеня супрацоўнікі польскага памежнага паста ў Рутка-Тартацы на мяжы з Літвой пры даглядзе аўтамабіля з польскімі рэгістрацыйнымі нумарамі, паведаміла Польская памежная служба.

Паводле яе інфармацыі, за стырном фургона быў 53-гадовы грамадзянін Літвы, якому “былі выстаўленыя абвінавачанні ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам“, ён затрыманы. Ацэначны кошт канфіскаваных цыгарэт ацэньваецца больш чым у 1 млн злотых (242 тыс. долараў па курсе польскага Нацбанка).

19 снежня 2024 года пракуратура Польшчы паведаміла пра затрыманне 9 лістапада супрацоўнікамі кракаўскага Цэнтральнага следчага ўпраўлення, раённага ўпраўлення паліцыі і мытна-фіскальнай службы двух чалавек, якія падазраюцца ў перавозцы тытунёвых вырабаў у Польшчу з Беларусі без польскіх акцызных марак. Было выяўлена 9 млн цыгарэт, кошт якіх ацэньваўся ў 10 млн злотых (2,46 млн долараў).

11 снежня за кантрабанду цыгарэт каля населенага пункта Тыборы-Тшчанка (Падляскае ваяводства) былі затрыманыя беларусы 29 і 47 гадоў. Яны шукалі паветраны шар, які прызямліўся, з 1,3 тыс. пачкаў цыгарэт. Пазней аператыўнікі знайшлі іх машыну, у якой выявілася яшчэ 5,2 тыс. пачкаў цыгарэт без мясцовых акцызных марак.

Затрыманым прад’яўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

У кастрычніку ў Сакалянах Падляскага ваяводства недалёка ад мяжы з Беларуссю прызямліўся паветраны шар з 1.200 пачкамі цыгарэт.

Адзначалася, што на пачатку кастрычніка і ў верасні на тэрыторыі Падляскага ваяводства знаходзілі падобныя шары.

Пра спробы кантрабанды беларускіх цыгарэт з дапамогай паветраных шароў памежная ахова Польшчы паведамляла ў сакавіку 2024 года.

Падзяліцца: