Мінск 01:23

“Белавія” пачынае рэгулярныя рэйсы з Магілёва ў Маскву і чартарныя ў Анталію

20 студзеня, Позірк. Аб адкрыцці новага рэгулярнага маршруту Магілёў — Масква — Магілёў паведаміў 20 студзеня ў гэтым абласным цэнтры генеральны дырэктар авіякампаніі “Белавія” Ігар Чаргінец.

Першы рэйс плануецца выканаць 28 красавіка. Палёты беларускі авіяперавозчык будзе ажыццяўляць двойчы на тыдзень у аэрапорт Шарамеццева.

Цяпер, паводле слоў Чаргінца, бакі “актыўна праводзяць падрыхтоўку да адкрыцця рэйсу“.

Прэс-служба “Белавія“ 20 студзеня паведамляла аб адкрыцці чартарнай праграмы Магілёў — Анталья (Турцыя).

Рэйсы будуць выконвацца з 18 траўня па 22 кастрычніка 2025 года (1 раз у 10 дзён).

Раней была апублікаваная інфармацыя, што з 2 красавіка кампанія адкрывае рэгулярныя авіязносіны паміж Брэстам і Санкт-Пецярбургам. Палёты запланаваныя двойчы на тыдзень: па серадах і суботах. Час у дарозе складзе 1 гадзіну 50 хвілін.

23 траўня 2021 года ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка, расейка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.

Пасля інцыдэнту “Белавія” забаронена лётаць у краіны Еўрасаюза, еўрапейскія авіякампаніі не лётаюць у Беларусь і над яе тэрыторыяй.

2 снежня 2021 года Вялікабрытанія, Канада, ЗША і ЕС скаардынавана ўхвалілі чарговыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх фізічных асоб і арганізацый. Як было адзначана ў сумеснай заяве з гэтай нагоды, санкцыйныя меры прынятыя “ў адказ на працяглыя нападкі на правы чалавека і асноўныя свабоды ў Беларусі, ігнараванне міжнародных нормаў і неаднаразовыя акты рэпрэсій”. Сярод арганізацый, якія трапілі ў “чорны спіс”, значылася і “Белавія”.

2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля поўнамаштабнага расійскага вайсковага ўварвання ва Украіну, ЗША ўвялі супраць “Белавія” абмежаванні, якія тычацца экспарту прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзавання пэўных самалётаў і запчастак.

9 жніўня 2023 года “Белавія” была ўключаная ў санкцыйныя спісы ЗША.

29 траўня 2024 года Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у моцы санкцыі Еўрасаюза, уведзеныя супраць “Белавія”, адхіліўшы адпаведны пазоў беларускай авіякампаніі.

Падзяліцца: