Мінск 02:35

За два тыдні ў Беларусь уехала больш за 12 тыс. грамадзян Украіны — ДПК

Фота: ДПК

24 студзеня, Позірк. З 10 па 17 студзеня 2025 года ў Беларусь прыбыло 6.503 грамадзяніна Украіны, вынікае з праведзенага “Позіркам аналізу даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэту.

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу ў Беларусь у названы перыяд прайшло 3 чалавекі. Праз Польшчу ўехала 5.184 украінцы, праз Літву — 1.204, Латвію — 112.

За папярэдні тыдзень, 17–24 студзеня, у Беларусь заехала 5.512 украінскіх грамадзян, вынікае са звестак ДПК. Праз украінска-беларускую мяжу ў Беларусь грамадзян Украіны не прыбывала. Праз Польшчу ўехала 4.404 чалавекі, праз Літву — 1.048, Латвію — 60 чалавек.

Прыведзеная статыстыка працягвае тэндэнцыю, згодна з якой, паводле даных пагранведамства, колькасць украінцаў, якія ўязджаюць у Беларусь, рэзка вырасла з пачатку 2025 года.

Раней ДПК паведамляў, што з 3 па 10 студзеня ў Беларусь прыбыло 6.396 грамадзян Украіны.

За папярэдні тыдзень, на які прыйшоўся свята Новага года, украінцаў заехала 1.097 — у 5,8 разы менш. 20–27 снежня ў Беларусь прыбыло 2.879 такіх грамадзян.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, за 2024 год у Беларусь заехаў 134.561 грамадзянін Украіны. У прыватнасці, як сцвярджалася, з тэрыторыі Украіны гэта зрабіла 68 чалавек, транзітам праз Польшчу — 107.154, Літву — 25.362, Латвію — 1.977. Паводле прыблізных разлікаў “Позірку”, у 2023 годзе ў Беларусь заехала больш за 71 тыс. грамадзян Украіны, такім чынам, за год іх колькасць вырасла прыкладна ў 1,9 разы.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” ў лютым мінулага года амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія заехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле звестак ААН на 16 снежня 2024 года, па ўсім свеце налічваецца 6.813.900 украінскіх бежанцаў. З іх 6.253.700 зарэгістравана ў Еўропе, 560.200 — за яе межамі.

Мінск у вайне супраць Кіева падтрымлівае Маскву.

Падзяліцца: