Мінск 20:10

У Беларусі асноўны дзень галасавання на выбарах-2025

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

26 студзеня, Позірк. У Беларусі 26 студзеня праходзіць асноўны дзень галасавання ў рамках электаральнай працэдуры, якую афіцыйны Мінск называе “прэзідэнцкімі выбарамі”.

Участкі па ўсёй краіне адкрыліся ў 8:00 і будуць працаваць да 20:00.

Па выніках пяці дзён датэрміновага галасавання, паводле сцвярджэння Цэнтрвыбаркама, яўка склала 41,48% (каля 2,9 млн з 6,9 млн уключаных у спісы выбаршчыкаў).

Акрамя Аляксандра Лукашэнкі кандыдатамі зарэгістраваныя лідары трох праўладных структур — Алег Гайдукевіч з Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Сяргей Сыранкоў з Камуністычнай партыі (абодва заяўлялі, што перакананыя ў перамозе Лукашэнкі) і Аляксандр Хіжняк з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Яшчэ адзін кандыдат — былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая. Яна пазіцыянуе сябе як “дэмакратычную альтэрнатыву”, аднак крытыкуе не Лукашэнку, а яго апанентаў, што знаходзяцца ў турме ці за мяжой.

Кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

Эксперты назіральнай місіі ў рамках кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” звярнулі ўвагу на непублічны характар фармавання выбарчых камісій, што, на іх думку, пацвердзіла курс уладаў на “абсалютны адміністрацыйны кантроль”.

Сфармаваныя такім чынам выбаркамы дапусцілі звыш 44 тыс. нацыянальных назіральнікаў, з якіх больш за 70% прадстаўляе грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі, што адкрыта падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Акрамя таго, ЦВК акрэдытаваў 486 міжнародных назіральнікаў, сярод якіх 374 прадстаўнікі дружалюбных рэжыму Лукашэнкі арганізацый і органаў замежных дзяржаў, а таксама 112 “незалежных назіральнікаў” — “палітыкаў, дэпутатаў, грамадскіх дзеячаў” з 38 краін, пытанне бесстароннасці якіх застаецца адкрытым.

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ), якое займаецца доўгатэрміновымі назіраннямі за электаральнымі кампаніямі, не стала накіроўваць у Беларусь сваіх прадстаўнікоў, паколькі атрымала адпаведнае запрашэнне МЗС Беларусі літаральна за некалькі дзён да пачатку датэрміновага галасавання.

Пра тое, што прэзідэнцкія выбары 2025 года ў Беларусі “не могуць быць свабоднымі і справядлівымі ва ўмовах цяперашняй рэпрэсіўнай абстаноўкі ў краіне”, 17 студзеня заявіў Энтані Блінкен, які на той момант пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША.

22 студзеня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю аб непрызнанні гэтай электаральнай працэдуры ў Беларусі і легітымнасці Лукашэнкі.

У сваю чаргу беларускае знешнепалітычнае ведамства абвінаваціла структуры ЕС ва ўмяшанні ў выбары.

У той жа дзень Сенат Польшчы прыняў рэзалюцыю, у якой падкрэсліў, што “выбары 26 студзеня 2025 года будуць толькі спробай легітымацыі дыктатуры, і іх вынікі не могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю”.

24 студзеня Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічання выбарам (International IDEA) канстатаваў, што фіктыўныя прэзідэнцкія выбары <…>, якія праходзяць “у абстаноўцы страху і рэпрэсій, зноў пазбавяць беларусаў права абіраць легітымнага лідэра і вызначаць сваю дэмакратычную будучыню”.

Тады ж камітэт па замежных справах парламента Эстоніі (Рыйгікогу) прыняў заяву пра тое, што “не прызнае так званыя прэзідэнцкія выбары, якія пройдуць у нядзелю ў Беларусі пад жорсткім кантролем рэжыму Лукашэнкі”.

З крытыкай электаральнай працэдуры, якая праходзіць у Беларусі, выступілі таксама асобныя палітыкі — прадстаўнікі дэмакратычных краін і аб’яднанняў.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: