Мінск 20:12

Лукашэнка запрасіў прэм’ера Індыі ў Беларусь на абмеркаванне новага ўзроўню партнёрства

Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі
Ілюстрацыйнае фота: Hindustan Times

26 студзеня, Позірк. Паміж Беларуссю і Індыяй склаліся “ўстойлівыя даверныя стасункі” — фундамент “далейшай рэалізацыі ўзаемавыгадных кантактаў у палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай сферах”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 студзеня індыйскага прэзідэнта Драўпадзі Мурму з Днём рэспублікі (75-годдзем прыняцця канстытуцыі).

Віншавальнік, тэкст паслання якога прыводзіць яго прэс-служба, адзначыў, што ў 2024 годзе Беларусь пры “нязменнай падтрымцы Нью-Дэлі” стала членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і партнёрам БРІКС.

Віншуючы прэм’ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі, Лукашэнка падкрэсліў, што “Мінск зацікаўлены ў інтэнсіфікацыі ўсебаковага дыялога з Нью-Дэлі і вывадзе беларуска-індыйскага партнёрства на якасна новы ўзровень як у палітычнай, так і ў гандлёва-эканамічнай сферы”.

“Перакананы, што далучэнне ў 2024 годзе Рэспублікі Беларусь да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і атрыманне статусу партнёра ў БРІКС адкрываюць дадатковае вымярэнне ў стасунках паміж нашымі дзяржавамі, якое мы эфектыўна выкарыстаем у мэтах захавання незалежнасці і сацыяльна-эканамічнага прагрэсу абедзвюх краін”, — гаворыцца ў пасланні.

Лукашэнка запрасіў Модзі наведаць у Беларусь “для абмеркавання ўсіх пытанняў двухбаковага парадку дня”. Раней ён таксама запрашаў у краіну Мурму.

Пра “рашучасць вывесці двухбаковы дыялог” з Нью-Дэлі на “ўзровень стратэгічнага партнёрства” Лукашэнка заяўляў 10 чэрвеня 2024 года, віншуючы Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах.

Разам з тым на пачатку мінулага года, 4 студзеня, прызначаючы экс-старшыню канцэрна “Беллеспаперапрам” Міхаіла Касько амбасадарам у Індыі, ён канстатаваў, што стасункі паміж краінамі “дэградавалі”.

13 сакавіка ў Нью-Дэлі Сяргей Алейнік, які ў той час займаў пасаду міністра замежных спраў, перадаў індыйскаму калегу Субраманьяму Джайшанкару пасланне Лукашэнкі на адрас Модзі пра “беларуска-індыйскія стасункі і шляхі іх развіцця”.

Праз два тыдні, 27 сакавіка, Касько ўручыў даверчыя граматы Мурму. Бакі “падкрэслілі ўзаемны інтарэс <…> да больш шчыльнай супрацы ў эканамічнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і культурнай сферах”.

На наступны дзень у Варшаве намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка абмеркаваў з амбасадарам Індыі ў Польшчы Нагмай Махамед Малік сітуацыю ў Беларусі і праблемы, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі. Палітык перадаў дыпламату матэрыялы пра “сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, здзейсненыя рэжымам Лукашэнкі злачынствы супраць чалавечнасці, незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь, парушэнні правоў работнікаў на беларускіх прадпрыемствах, ролю рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі РФ супраць Украіны”. Латушка папрасіў Малік накіраваць гэтыя матэрыялы ў МЗС Індыі.

У жніўні Ціханоўская заклікала Модзі выкарыстаць свой “вялікі ўплыў” для вызвалення палітвязняў у Беларусі.

Паводле даных амбасады Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн. Даныя пра гандаль за 2022–2024 гады не прыводзяцца.

Беларусь адпраўляла ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы ды інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання ды іншыя тавары.

Падзяліцца: