Мінск 22:28

У асноўны дзень галасавання на выбарах-2025 міліцыя нагадала пра мноства абмежаванняў

Скрыншот: відэаматэрыял МУС

26 студзеня, Позірк. Пра шырокія паўнамоцтвы супрацоўнікаў міліцыі і дзейныя для грамадзян абмежаванні нагадаў 26 студзеня, у асноўны дзень галасавання на мерапрыемстве, якое ўлады завуць “прэзідэнцкімі выбарамі”, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Аляксандр Купчэня.

Паводле слоў міліцэйскага чыноўніка, асабовы склад органаў унутраных спраў 20–27 студзеня нясе службу ва ўзмоцненым рэжыме.

“Участкі для галасавання абсталявалі сістэмамі відэаназірання, — заявіў Купчэня (на падставе відэакаментарыю ў тэлеграм-канале МУС). — Таксама [участкі] абсталяваныя трывожнымі кнопкамі, якія дазваляюць кругласутачна прыбыць бліжэйшаму нараду ці групе затрымання Дэпартамента аховы і аказаць садзейнічанне нашым супрацоўнікам. На прылеглай тэрыторыі мы выкарыстоўваем групы хуткага рэагавання, мабільныя групы — гэта значыць дадатковыя нарады на аўтатранспарце, што гатовыя аказаць неадкладную дапамогу нашым супрацоўнікам, якія нясуць службу ў месцах размяшчэння выбарчых участкаў”.

Дапамагаць “ахоўваць грамадскі парадак” на прылеглай да ўчасткаў тэрыторыі, паводле слоў міліцэйскага начальніка, прыцягнутыя члены “добраахвотных дружын”, БРСМ і ветэраны МУС.

“Супрацоўнік міліцыі забяспечвае ахову грамадскага парадку, у тым ліку ён мае права ажыццяўляць выбарачны надгляд падазроных грамадзян або іх ручной паклажы, прадметаў, якія яны праносяць з сабой, — сказаў Купчэня. — Фатаграфаванне бюлетэняў забароненае выбарчым заканадаўствам, за гэта прадугледжана ў тым ліку адміністрацыйная адказнасць. За парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, заклікі, за падрыхтоўку і правядзенне такіх мерапрыемстваў прадугледжваецца адказнасць паводле артыкула 24.23 [КаАП]. Максімальнае пакаранне — да 30 сутак адміністрацыйнага арышту”.

У суправаджальным тэксце да відэакаментарыю прэс-служба МУС дадала, што памяшканні для галасавання ўзятыя пад кругласутачную ахову і паўтарыла, што “аб’екты абсталяваныя сістэмамі відэаназірання”. Адзначаецца, што “з дапамогай рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі вызначаюцца патэнцыйна небяспечныя асобы, распазнаецца прыналежнасць транспартных сродкаў”. Застаецца без адказу пытанне, ці дапамогуць міліцэйскія відэакамеры на ўчастках зафіксаваць патэнцыйныя спробы ўкіду бюлетэняў ці іншыя спосабы фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

Грамадзянам, папярэджвае МУС, забаронена праносіць на ўчасткі “агнястрэльную, халодную, газавую зброю, таксічныя і выбуховыя рэчывы, боепрыпасы, піратэхнічныя вырабы”. Акрамя таго, нельга “выносіць выдадзены бюлетэнь па-за межы памяшкання для галасавання, а таксама ажыццяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня, умешвацца і ствараць перашкоды для працы камісіі”.

Цяперашняя кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі. З крытыкай выбараў выступілі Еўрапарламент, ЗША, шэраг іншых дэмакратычных дзяржаў ды інш.

Апрача Лукашэнкі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта зарэгістраваныя лідары трох праўладных партый — Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі), Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) і Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці). Яшчэ адзін кандыдат — былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе як “дэмакратычную альтэрнатыву”, аднак крытыкуе не Лукашэнку, а яго апанентаў, што знаходзяцца ў турме або за мяжой.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

У Беларусі асноўны дзень галасавання на выбарах-2025

26 студзеня, Позірк. У Беларусі 26 студзеня праходзіць асноўны дзень галасавання ў рамках электаральнай працэдуры, якую афіцыйны Мінск называе "прэзідэнцкімі выбарамі". Участкі па ўсёй краіне адкрыліся ў 8:00 і будуць працаваць да 20:00. Па выніках пяці дзён датэрміновага галасавання, паводле сцвярджэння Цэнтрвыбаркама, …
Падзяліцца: