Мінск 20:06

Лукашэнка: Я пераемніка не шукаю, паміраць не збіраюся

Крыніца: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

26 студзеня, Позірк. На прэс-канферэнцыі ў Мінску 26 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не шукае чалавека, які зойме найвышэйшую дзяржаўную пасаду пасля яго сыходу.

“Я гэтага пераемніка не шукаю, пасля выбараў будзем думаць”, — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў: “Я вось Наталлі Мікалаеўне (прэс-сакратар Наталля Эйсмант. — “Позірк”.) нядаўна прапанаваў: “Ты падумай, падрыхтуем цябе”. Хоць гэта не жаночая, канешне, праца. Але падумай. Яна ў нас, як мужык, моцная такая. Ну гэта жарт, вядома”.

Адказваючы на пытанне, ці апошні тэрмін ён плануе кіраваць, Лукашэнка заявіў: “Не, я паміраць не збіраюся. <…> Я таксама сказаў: як Качанава скажа, так і будзе. Наталля Іванаўна ў нас — гэта звер. Яна нікому не дае скрывіць лінію ні налева, ні направа. Паспрабуе тут нешта зрабіць. Надыдзе час, над гэтым падумаем”.

“Я ўжо ў свой час нагаварыў. Думаў, што апошні [тэрмін], вось вам апошні. Таму, ведаеце, вы не думайце, што выбары — маё рашэнне, што гэта толькі ад мяне залежыць. Ну я хіба мог пайсці з кляймом, што я спалохаўся і некага кінуў? Нават не спалохаўся, але вось кінуў і сышоў. <…> Я на гэтым марафоне (перадвыбарчы “Марафон адзінства” ў падтрымку Лукашэнкі. — “Позірк”.) сказаў: вы — мае дзеці. Вось вы сёння ў мяне, я за вас адказваю. <…> Нясу гэтую адказнасць“, — адзначыў аратар.

Ён зноў паўтарыў, што “не трымаецца за ўладу”. “Галоўнае не тое, што ты гэтую ўладу ўзяў і за яе трымаешся. Не. Ты павінен забыцца пра сваё і павінен сканцэнтравацца на дзяржаўным, калі па-сапраўднаму, калі ты не прыйшоў там багатым стаць, мільярдэрам — нешта накрасці, нешта панесці, на Захад вывезці ці яшчэ некуды. Вось па-сапраўднаму ад усяго адракайся і забывай. Я, напрыклад, так разумею сваю місію прэзідэнта”, — удакладніў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, кандыдатуры наступнага прэзідэнта ўлады будуць “прапаноўваць народу”. “Тыя, якія будуць маладзейшыя за нас. Змена пакаленняў ідзе”, — дадаў ён.

Лукашэнка заявіў, што не затрымаецца на пасадзе, калі прыйдзе да меркавання, што ў Беларусі “маюцца мужыкі, што ўзначаляць краіну”.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: