Мінск 20:20

Лукашэнка: Беларусь для Кітая гатовая зрабіць усё ў Еўропе

26 студзеня, Позірк. Мінск і Пекін дамовіліся, што не будуць “занадта дэталізаваць” двухбаковую супрацу, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

“Мы ціха, спакойна будзем супрацоўнічаць, — сказаў ён. — Але сёння тое, што мы некалі планавалі і пачыналі рабіць з заходнімі кампаніямі, мы паспяхова скончылі і працуем з кітайцамі. У Кітаі для развіцця нашай эканомікі маецца усё”.

Больш за тое, паводле яго слоў, у адрозненне ад заходніх контрагентаў, кітайцы “не хаваюць тэхналогіі”. “Калі яны прадалі нам нейкі станок, то перадаюць і чарцяжы, каб мы маглі валы, шасцерні, рухавікі зрабіць у Беларусі. Гэта значыць, мы паспяхова Захад замяняем на Усход за кошт Расіі і Кітайскай Народнай Рэспублікі ў асноўным. Маюцца і іншыя краіны”, — удакладніў Лукашэнка.

Супрацу з Кітаем ён назваў “усепагоднай і ўсебаковай”. “У нас светлая будучыня ў гэтай супрацы, мы дамовіліся з кіраўніцтвам Кітая, што гэтым шляхам будзем ісці. Я сказаў: калі вам у Беларусі нешта трэба, то прыязджайце, мы будзем з вамі супрацоўнічаць”, — дадаў аратар.

Ён узгадаў пра кантакты з Майкам Пампеа, які ў 2018–2021 гадах займаў пасаду дзяржсакратара ЗША: “Ён мяне папракнуў, што мы супрацоўнічаем з Кітаем, які вораг Амерыкі. Я яму адказаў: калі вы зачынілі не толькі дзверы, але і вокны перад намі, Кітай іх адчыніў. Мы шмат у чым сёння захавалі высокатэхналагічнасць дзякуючы Кітаю, і вы хочаце, каб я ад іх адвярнуўся? Ён усміхнуўся і сказаў: зразумела”.

“Мы ЗША адкрыта кажам: вы нас душылі, а Кітай нас ратаваў. Я ніколі не буду праводзіць палітыку супраць кітайскага кіраўніцтва і народа”, — сцвярджае Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь для Кітая гатовая зрабіць усё ў Еўропе, таму што “ён тут і краін дружалюбных не мае”. Пекін у сваю чаргу робіць усё, каб Беларусь “заставалася высокатэхналагічнай” і магла “замяніць заходнія кампаніі, якія ўцяклі ад нас”.

Лукашэнка заявіў, што сумесна з Кітаем у Беларусі створаны легкавы аўтамабіль, Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, рэактыўная сістэма залпавага агню “Паланэз”.

“Шмат кітайцы нам дапамаглі. Думаю, і дапамагаць будуць”, — рэзюмаваў спікер.

23 студзеня Савет міністраў ухваліў праект міжурадавага рамачнага пагаднення, якое прадугледжвае, што Кітай выдзеліць Беларусі льготны крэдыт. У пастанове не пазначана, пра якія аб’ёмы запазычання гаворка, якія мэты, на якія запытваецца крэдыт.

19 студзеня амбасадар КНР Чжан Вэньчуань у эфіры тэлеканала СТБ заявіў, што ўведзеныя ў дачыненні да Мінска заходнія санкцыі “ў пэўнай ступені негатыўна паўплывалі” на эканамічную супрацу паміж Кітаем і Беларуссю.

Разам з тым, паводле слоў дыпламата, гэтыя абмежаванні “не могуць спыніць усё большую хвалю кітайска-беларускіх стасункаў”.

Супраца дзвюх краін у розных сферах, заявіў ён, “няўхільна развіваецца”, а механізмы гэтай супрацы “стала ўдасканальваюцца”.

Падзяліцца: