Мінск 20:59

УСУ ўпершыню за 20 дзён паведамілі пра заход расійскіх дронаў у Беларусь

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

28 студзеня, Позірк. У перыяд з 20:00 27 студзеня па 9:30 28 студзеня два расійскія беспілотнікі “паляцелі ў кірунку Расіі і Беларусі”, паведамляе камандаванне Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Адзначаецца, што мінулай ноччу РФ атакавала Украіну 100 беспілотных лятучых апаратаў. 65 дронаў былі збітыя, 28 “лакацыйна страчаныя”.

Паводле даных маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн”, у паветраную прастору Беларусі за мінулыя суткі ўварваліся не менш як 9 расійскіх дронаў. Адзін з іх, магчыма, быў збіты сіламі СПА пад Мазыром (Гомельская вобласць) каля 00:55. Дзяжурная авіяцыя беларускай арміі, паводле звестак аналітыкаў, у паветра не паднімалася.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі пра залёт на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26–28 кастрычніка, 1, 3, 10–13, 20, 22, 25–27 лістапада, 2, 3, 6 і 13, 22 снежня 2024 года, а таксама 1 і 8 студзеня 2025 года.

Такім чынам, УСУ не паведамлялі пра ўварванне расейскіх БПЛА ў паветраную прастору Беларусі ўжо 20 дзён.

Летась 4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок іх збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА ў Беларусь ён патлумачыў недасведчанасцю аператараў, адзначыўшы, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы апараты губляюць арыенцір.

Падзяліцца: