Мінск 21:40

Накіраваная ў суд справа грамадзяніна Літвы, абвінавачанага ў незаконным правозе патронаў

Архіўнае фота: ДМК

28 студзеня, Позірк. Гродзенская транспартная пракуратура накіравала ў суд Ашмянскага раёна крымінальную справу 53-гадовага грамадзяніна Літвы, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 3331 (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС або дзяржмяжу Беларусі моцнадзейных, ядавітых, атрутных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў) і ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса.

Паводле даных следства, у кастрычніку 2024 года замежніка, які ехаў з Літвы на легкавым аўтамабілі, затрымалі ў пункце мытнага афармлення Каменны Лог.

Падчас агляду супрацоўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні знайшлі ў сумцы на пасажырскім сядзенні аўто два магазіны з 34 патронамі.

Паводле заключэння эксперта, “выяўленыя патроны з’яўляюцца боепрыпасамі да ручной стралковай наразной агнястрэльнай зброі калібра 9 мм і прыдатныя для стральбы”.

На падставе рашэння пракурора мужчына застанецца пад вартай.

Пра затрыманне гэтага літоўскага грамадзяніна Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў летась 6 лістапада.

Адзначалася, што пры ўездзе ў Беларусь праз прапускны пункт Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай) у яго былі знойдзеныя “схаваныя ў асабістых рэчах <…> боепрыпасы да агнястрэльнай зброі”.

7 лістапада затрыманне ў Беларусі грамадзяніна Літвы пацвердзіла Міністэрства замежных спраў гэтай балтыйскай краіны. Паводле слоў прадстаўнікоў знешнепалітычнага ведамства, пра інцыдэнт праінфармаваная літоўская паліцыя.

Раней Генпракуратура паведамляла, што мытныя органы Беларусі ў 2024 годзе вынялі шэсць адзінак зброі, 363 адзінкі боепрыпасаў і 797 адзінак састаўных частак боепрыпасаў да агнястрэльнай зброі. Па “выкрытых незаконных дзеянняў у дачыненні да зброі і боепрыпасаў” было распачата 16 крымінальных спраў.

Падзяліцца: