Мінск 20:51

Мінулым днём практычна на ўсіх метэастанцыях Беларусі зафіксаваныя тэмпературныя рэкорды

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

28 студзеня, Позірк. Тэмпературныя рэкорды дня за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў зафіксаваныя 27 студзеня практычна на ўсіх метэастанцыях Беларусі, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз аператыўных і архіўных даных Белгідрамета.

Абноўлены таксама абсалютны рэкорд дня: у Пінску паветра прагрэлася да 12,8 градуса цяпла. Ранейшы трымаўся 42 гады (10 градусаў 27 студзеня 1983 года ў Брэсце).

У самім Пінску лакальны максімум перавышаны на 5 градусаў (было 7,8 у 1983 годзе), у Брэсце — на 2,4 (цяпер новы экстрэмум складае 12,4 градуса).

У Мінску таксама перапісаны рэкорд 1983 года — 9 градусаў супраць 5,5. Абнавіліся максімумы ў Віцебску (8,3 супраць 4,3 у 1990 годзе) і Магілёве (6,6 супраць 5,3 тады ж). У Гродне лакальны гістарычны рэкорд паўтарыўся (8,9 у 1983 годзе).

Агулам экстрэмумы абнавіліся на 44 з 48 метэастанцый, за якімі вядзецца назіранне (з даступным архівам). Ніжэй за гістарычную тэмпература была ў Гомелі, Лельчыцах і Мазыры.

28 студзеня сіноптыкі чакаюць да 12 градусаў пры абсалютным рэкордзе дня 10,5 (у 1983 годзе ў Высокім). Гэты паказчык ужо перавышаны: у 14 гадзін у Брэсце паветра прагрэлася да 10,9 градуса.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: