Мінск 09:45

Карпенка ацаніў увядзенне супраць яго санкцый Лонданам як “найвышэйшую ацэнку дзейнасці ЦВК”

28 студзеня, Позірк. Як “найвышэйшую ацэнку сваёй дзейнасці і дзейнасці ЦВК па правядзенні выбарчага працэсу” ацаніў увядзенне супраць яго санкцый Вялікабрытаніяй кіраўнік камісіі Ігар Карпенка.

“Мы ж цудоўна разумеем, што тых, хто ўводзіць такія санкцыі, цікавіць не працэс, ці адпавядае ён нацыянальнаму заканадаўству, іх цікавіць вынік. І калі вынік будзе той, які ім патрэбны, — яны будуць ацэньваць яго зусім па-іншаму”, — цытуюць чыноўніка дзяржаўныя СМІ.

Паводле заяў Карпенкі, падчас выбараў у Беларусі працавалі 486 міжнародных назіральнікаў, якія “ўсе падкрэсліваюць, што працэс быў дэмакратычным, адкрытым, транспарэнтным”.

Аб новых санкцыях у дачыненні да фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі паведаміў урад Вялікабрытаніі 27 студзеня.

Адзначаецца, што санкцыі ўведзеныя “ў каардынацыі” з Канадай.

У санкцыйныя спісы дададзена шэсць чалавек: старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка, начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК) Андрэй Ананенка і яго намеснік Міхаіл Бедункевіч, начальнік Ваўкавыскай папраўчай калоніі № 11 (Гродзенская вобласць) Віктар Дуброўка, начальнік гродзенскай турмы № 1 Павел Казакоў і начальнік мінскага СІЗА № 1 Андрэй Цэдрык.

У сакавіку 2022 года Карпенка быў унесены ў санкцыйны спіс Канады. З чэрвеня 2022-га знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі ЕС, пазней да іх далучылася Швейцарыя. У сакавіку 2023 года Карпенка і іншых членаў беларускага ЦВК унеслі ў санкцыйны спіс ЗША.

Бедункевіч, Ананенка, Дуброўка, Казакоў і Цэдрык са жніўня 2024 года знаходзяцца пад санкцыямі ЕС, да якіх у тым жа месяцы далучыліся Швейцарыя, а таксама Албанія, Боснія і Герцагавіна, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя.

За падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне брытанскім санкцыям падвергліся ААТ “АЛЕВКУРП” (Мінскі раён), завод “Легмаш” (Орша, Віцебская вобласць) і канструктарскае бюро “Беспілотныя верталёты” (Мінск). Абодва гэтыя прадпрыемствы са жніўня 2024 года знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

Адзначаецца, што санкцыі ўведзеныя “ў якасці неадкладнага адказу на фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі” і “накіраваныя супраць кіраўнікоў устаноў, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, і кампаній беларускага абароннага сектара, якія падтрымліваюць вайну Расіі ва Украіне”.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся 26 студзеня, іх пераможцам папярэдне абвешчаны Аляксандр Лукашэнка, канчатковыя вынікі будуць падведзены 3 лютага.

Аб непрызнанні “фіктыўных выбараў” у Беларусі ўжо заявілі краіны Еўрасаюза, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя і Украіна.

Міжнародныя назіральнікі ад СНД, ШАС і з краін, кантралюемых сяброўскімі Лукашэнку рэжымамі, традыцыйна не выявілі парушэнняў.

Назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ былі запрошаныя Мінскам занадта позна, каб пачаць місію.

Падзяліцца: