Мінск 09:44

Ухвалены праект пагаднення з РФ аб праве грамадзян Беларусі, якія пастаянна там пражываюць, удзельнічаць у мясцовых выбарах

28 студзеня, Позірк. Праект пратакола паміж Беларуссю і Расіяй, які замацоўвае магчымасць на ўзаемнай аснове беларускім і расійскім грамадзянам, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі іншай дзяржавы, удзельнічаць у мясцовых выбарах — выбіраць і быць выбраным у органы мясцовага самакіравання, ухваліў 28 студзеня Аляксандр Лукашэнка.

Ён падпісаў указ, якім ухваліў у якасці асновы для правядзення перамоў праект Пратакола аб унясенні змен у Дамову паміж Беларуссю і РФ аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Адзначаецца, што дакумент “з’яўляецца вынікам мэтанакіраванай працы, якая праводзіцца ў Беларусі, па забеспячэнні роўных правоў беларускіх і расійскіх грамадзян, у тым ліку электаральных, паколькі да гэтага часу грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расіі, не маглі прымаць удзел у мясцовых выбарах”.

Магчымасць грамадзянам Беларусі, якія пастаянна пражываюць у Расіі, выбіраць і выбірацца ў мясцовыя органы ўлады, а таксама галасаваць на мясцовых рэферэндумах, прадугледжана ў законапраекце, які 12 ліпеня мінулага года падаў у Дзяржаўную думу дэпутат Канстанцін Затулін. Парламентарый прапануе прапісаць у законе “Аб агульных прынцыпах арганізацыі мясцовага самакіравання ў РФ”, што беларускія грамадзяне — “грамадзяне Саюзнай дзяржавы, якія пастаянна або пераважна пражываюць на тэрыторыі муніцыпальнага ўтварэння, валодаюць пры ажыццяўленні мясцовага самакіравання правамі ў адпаведнасці з федэральнымі законамі”.

Парламентарый звярнуў увагу, што Выбарчы кодэкс Беларусі дазваляе грамадзянам Расіі, якія пражываюць на беларускай тэрыторыі, удзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Ён адзначыў, што ў спісах выбаршчыкаў на мясцовых выбарах 25 лютага 2024 года налічвалася 95 тыс. расіян, акрамя таго, у раённыя саветы балатавалася 15 грамадзян РФ, сельскія — шэсць.

Затулін з’яўляецца першым намеснікам старшыні камітэта Дзярждумы РФ па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі. Раней ён папракаў Лукашэнку тым, што беларускія ўлады да гэтага часу юрыдычна не прызналі расійскімі анексаваныя ўкраінскія тэрыторыі, выказваўся за непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Лукашэнка падпісалі дамову аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дамову аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісана дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якая пачала дзеянне 26 студзеня 2000 года.

Падзяліцца: