Мінск 20:53

Тавараабарот Беларусі з краінамі ЕС за пяць гадоў зменшыўся ўдвая

Фота: "Позірк"

29 студзеня, Позірк. Нягледзячы на санкцыі, тавараабарот Беларусі з краінамі Еўрасаюза складае каля 8 млрд долараў, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю расійскаму выданню “Известия”.

Ён не ўдакладніў, пра які перыяд ідзе гаворка, але з кантэксту публікацыі вынікае, што статыстыка адносіцца да 2024 года.

“Самае цікавае, што ў гэтай суме большасць пазіцый належыць тым дзяржавам, якія стаяць ля асноў крытыкі Беларусі і разгортваюць антыбеларускую рыторыку ў Еўрапейскім саюзе, — адзначыў спікер. — Гэта значыць, яны там заклікаюць да санкцый, кажучы пра нелегітымнасць нашай улады, а пад шумок прытаргоўваюць. Гэта значыць, вы фарміруеце пазіцыю Еўрасаюза, прымушаеце нейкія дзяржавы, якія лічацца лакаматывамі ЕС, прыпыняць нейкае ўзаемадзеянне, а што ж вы самі?”

Кіраўнік МЗС не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе.

Паводле яго слоў, у Захаду ёсць цікавасць да гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Мінскам. У прыватнасці, Як сцвярджае Рыжанкоў, “многія краіны старой Еўропы праяўляюць усё больш і больш цікавасці”. “Гэта бачна па правядзенні розных мерапрыемстваў паміж прадпрымальнікамі нашых краін. Па лініі гандлёвых і прамысловых палат, палат бізнесу”, — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

“Палітычна нам прыходзіць больш і больш сігналаў пра гатоўнасць выбудоўваць з намі адносіны, — сказаў ён. — Ёсць вельмі шмат пытанняў, якія звязваюць нас з Еўропай: ад палітычных да гуманітарных, ад культурных да эканамічных. Але вось тут па перыметры нашай мяжы ёсць члены Еўрасаюза, якія ўсяляк перашкаджаюць гэтаму развіццю супрацоўніцтва, нагнятаюць атмасферу недаверу, а самі пад шумок тут свае пытанні вырашаюць”.

У якасці “добрага прыкладу” ён прывёў Венгрыю, якая дзейнічае ў “інтарэсах свайго народа” і “аб’яднанай Еўропы”.

На сайце МЗС са спасылкай на даныя Белстата паведамляецца, што ў 2019 годзе тавараабарот Беларусі з ЕС склаў 15,7 млрд. долараў. Такім чынам, за пяць гадоў ён зменшыўся амаль удвая.

“Нягледзячы на санкцыйную палітыку, Еўрапейскі саюз па выніках 2021 года застаўся другім гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі. Тавараабарот з ЕС склаў 16,3 млрд. долараў — 136,5% ад узроўню 2020 года”, — гаворыцца на партале МЗС.

26 студзеня на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што санкцыі — гэта “ўдушэнне” беларускага народа і яго асабіста.

“Гэта пятля на шыі, — заявіў ён. — Вы (звяртаючыся да польскага журналіста. — “Позірк.) накінулі пятлю на шыю. І вы што, хочаце, каб я абараняў вас [ад нелегальных мігрантаў]? І я адкрыта сказаў: хлопцы, я не буду вас абараняць, таму што вы душыце мой народ. Санкцыі — гэта перш за ўсё супраць народа”.

Аб працягу гандлю з краінамі Захаду Лукашэнка заявіў 17 студзеня на нарадзе па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці. Паводле яго слоў, гэта адбываецца, хоць Захад “быццам бы не хоча” супрацоўнічаць з Беларуссю ў галіне эканомікі: “Мы са сваёй прадукцыяй абсалютна не патрэбныя, мы гэта выдатна разумеем — лішняя канкурэнцыя ў галіне аўтамабілебудавання, іншых галін не ўваходзіць у парадак дня заходніх дзяржаў, якія падганяюцца ЗША”.

“Хоць ад Захаду мы не сыходзім канчаткова; тое, што іх цікавіць і нам выгадна, — мы прадаем, але не тыя аб’ёмы і не тыя грошы”, — канстатаваў ён.

Актыўны гандаль з краінамі Захаду спыніўся праз санкцыі, якія тыя ўвялі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі за дапамогу ў вайне РФ супраць Украіны.

Падзяліцца: