Мінск 20:54

У Мазырскім раёне супрацоўнікі ДАІ са стральбой спынілі аўтамабіль

29 студзеня, Позірк. У Мазырскім раёне (Гомельская вобласць) супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выкарыстоўвалі табельную агнястрэльную зброю, каб спыніць аўтамабіль, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што спачатку прадстаўнікі ДАІ “падалі сігнал аб спыненні” кіроўцу аўтамабіля “Фальксваген”, але “той толькі паскорыўся”. “Пачаўся пераслед, на папярэджанні кіроўца не рэагаваў. Ён заехаў у двор нейкага прыватнага дома і там спыніўся. Там кіроўцу і затрымалі”, — гаворыцца ў паведамленні.

За стырном апынуўся 19-гадовы мясцовы жыхар, які не мае вадзіцельскага пасведчання, адзначылі ў ведамстве. Раней яго неаднаразова прыцягвалі да адказнасці за бяспраўнае кіраванне.

Паведамляецца, што затрыманы арыштаваны на 10 сутак, яго таксама на два гады пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.

26 снежня супрацоўнікі ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па Брэсцкай вобласці сумесна з байцамі атрада спецыяльнага прызначэння “Шторм” унутраных войскаў спынялі аўтамабіль з ужываннем зброі. Гэта было зроблена для праверкі інфармацыі аб дачыненні грамадзяніна да “дэструктыўнай дзейнасці”.

17 снежня ў аграгарадку Быстрыца Капыльскага раёна (Мінская вобласць) супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі з ужываннем агнястрэльнай зброі спынілі аўтамабіль з нецвярозым кіроўцам.

22 лістапада супрацоўнікі ДАІ ў Мазыры ўжылі агнястрэльную зброю, каб спыніць аўтамабіль, якім, як пасля высветлілася, кіраваў нецвярозы грамадзянін без правоў.

Раней ведамства неаднаразова паведамляла пра ўжыванне зброі пры затрыманні.

Падзяліцца: