Мінск 02:40

Рыжанкоў: Сёння адна мэта — вырашыць пытанне “дэнацыфікацыі” Украіны

Скрыншот: АНТ

29 студзеня, Позірк. Расійскія вайскоўцы не збіраюцца “ісці на Берлін або Парыж, як было 80 або 200 гадоў таму”, такой мэты “няма і быць не можа”, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю расійскаму выданню “Известия”.

“Сёння ёсць адна мэта — вырашыць пытанне з “дэнацыфікацыяй” Украіны і тыя пытанні, якія стаяць сёння перад Расіяй”, — сказаў кіраўнік МЗС.

Паводле яго слоў, ніхто не вядзе гаворку пра тое, што, “дайшоўшы да нейкіх межаў, уся гэтая [расійская] махіна пойдзе далей”. Калі толькі Захад “не справакуе, вобразна кажучы, сваім прамым умяшаннем у канфлікт войскамі НАТО”, дадаў чыноўнік.

На Захадзе, сцвярджае Рыжанкоў, не дапускаюць, што “хтосьці” можа ўжыць ядзерную зброю. “А сілу такую можа ўжыць Расія. Мы разам з Расіяй. Мы падпісалі дагавор з Масквой аб сумеснай гарантыі бяспекі, дзе ў тым ліку прапісана і прымяненне ядзернай зброі. Акрамя таго, ёсць дамоўленасці размясціць у Беларусі [расійскі ракетны комплекс] “Арэшнік”. Гэта самае сучаснае ўзбраенне, якому няма аналагаў нават за мяжой. Гэта наш адказ, але адказ стрымлівання, а не наступальны”, — сказаў ён.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Расію ў яе вайне супраць Украіны.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

На прэс-канферэнцыі 26 студзеня ён, адказваючы на пытанне, ці не адчувае ён згрызот у сувязі з прадастаўленнем РФ беларускай тэрыторыі для нападу на Украіну ў 2022 годзе, заявіў, што ні пра што не шкадуе.

“Я не ваюю, у вайну не ўцягнуўся і сваю краіну не ўцягнуў. Але мы дапамагаем Расіі. І калі заходнікі мяне ў чымсьці папракаюць, я ім кажу: у вас 57 краін дапамагаюць Украіне, а я адзін, адна краіна, ну як магу. Ды якая там дапамога ўжо. <…> Што тычыцца майго ўварвання ва Украіну, украінцы ведаюць, што гэта не так”, — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што войскі з Беларусі ва Украіну ўваходзілі праз чарнобыльскую зону: “Гэта былі войскі не беларускія, я адказваю за беларускія войскі”.

Лукашэнка “спрабуе стварыць уражанне, быццам Беларусь стаіць у баку ад вайны”, так Украінскі цэнтр процідзеяння дэзінфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны адрэагаваў на заяву “самаабвешчанага прэзідэнта” аб тым, што “беларускія міратворцы нібыта маглі б забяспечыць нармальныя ўзаемаадносіны паміж Украінай і Расіяй”.

“Актыўная падтрымка расійскага войска Беларуссю ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну зрабіла Мінск саўдзельнікам узброенай агрэсіі РФ супраць нашай дзяржавы. Таму любыя заявы аб “беларускіх міратворцах” гучаць абсурдна, — канстатуе цэнтр. — “Міратворчая” рыторыка накіраваная на паляпшэнне іміджу Лукашэнкі ў вачах міжнароднай супольнасці. Таксама яго заява сугучная з хлуснёй ru-прапагандзе, што нібыта Захад і Украіна, а не Расія, прагнуць працягу вайны”.

“Дэнацыфікацыя“ і “дэмілітарызацыя” Украіны вызначаная Крамлём як канчатковая мэта вайсковага ўварвання ў гэтую краіну. Пры гэтым інтэрпрэтацыя гэтых тэрмінаў змяняецца ў рыторыцы афіцыйных асоб і прапаганды РФ. Многія эксперты мяркуюць, што Расія дамагаецца змены ўлады ва Украіне і ўсталявання там цалкам падкантрольнага рэжыму паводле беларускага ўзору, дэ-факта — знішчэння незалежнасці ўкраінскай дзяржавы.

Падзяліцца: