Мінск 21:08

Аператары сувязі заключаць з МАРГ пагадненне аб непавышэнні тарыфаў на сотавую сувязь

29 студзеня, Позірк. Прадпрыемствы па аказанні паслуг сотавай рухомай электрасувязі заключаць пагадненне з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якім павышэнне тарыфаў не прадугледжана, паведамляе прэс-служба МАРГ.

Рашэнне прынята па выніках сустрэчы 29 студзеня пад старшынствам кіраўніка МАРГ Артура Карповіча і міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі УП “A1”, РУП “Белтэлекам” і СТАА “МТС”.

Бакі абмеркавалі “ўзніклыя праблемы на спажывецкім рынку, у тым ліку ў насельніцтва, падключэнне аператарамі сотавай сувязі рэкламных паслуг без ведама спажыўцоў, якасць сувязі пры правядзенні буйных масавых мерапрыемстваў, асноўныя прынцыпы тарыфнай палітыкі”.

У маі 2024 года Эканамічны суд Мінска аштрафаваў кампанію А1 (экс-Velcom) за завышаныя цэны на паслугі мабільнай сувязі паводле ч. 3 арт. 13.2 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку ўстанаўлення (фарміравання) і (або) прымянення цэн (тарыфаў)).

Кампаніі прызначаны штраф у памеры “5% ад кошту рэалізаваных паслуг”. Сума не называецца.

За названыя парушэнні аштрафавана таксама адказная службовая асоба — на 12 базавых велічынь (480 рублёў).

Сотавыя аператары павінны ўвесці з 1 красавіка 2025 года базавы сацыяльны тарыф для насельніцтва. У базавы тарыф уваходзіць аб’ём хвілін галасавога трафіку ва ўсе сеткі на тэрыторыі Беларусі, аб’ём трафіку перадачы даных і аб’ём СМС-паведамленняў, які фарміруецца з гранічным нарматывам рэнтабельнасці 25%.

Акрамя таго, указам ад 26 жніўня № 335 “Аб аказанні паслуг сотавай рухомай электрасувязі” прадугледжана, што аператары сотавай сувязі, павінны будуць аддаваць штогод не менш як 20 працэнтаў свайго прыбытку дзяржаве.

Падзяліцца: