Мінск 22:09

Бярозавая фанера з Беларусі і РФ паступае ў ЕС насуперак санкцыям — расследаванне Earthside

Ілюстрацыйнае фота: abraziv.by

30 студзеня, Позірк. З ліпеня 2022 года, калі Еўрасаюз увёў абмежаванні на імпарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі і Расіі, па кастрычнік 2024-га (апошнія апублікаваныя статыстычныя даныя) у ЕС закупілі падсанкцыйнай фанеры з гэтых краін на 1,5 млрд еўра, гаворыцца ў расследаванні арганізацыі Earthside.

Аўтары расследавання, якія працавалі пад прыкрыццём дзевяць месяцаў, сцвярджаюць, што расійскія вайскоўцы наўпрост кантралююць некаторыя лясныя масівы і атрымліваюць прыбытак ад высечкі лесу. У Беларусі, як адзначаецца, для перапрацоўкі драўніны выкарыстоўваюць “рабскую працу палітычных вязняў, якія зазнаюць катаванні”.

Фанера з Беларусі і РФ афармляецца як прадукцыя, вырабленая ў іншых краінах, напрыклад, у Кітаі, Казахстане, Грузіі і Турцыі, пасля чаго адпраўляецца на еўрапейскі рынак. Найбуйнейшымі імпарцёрамі выступаюць Польшча, Эстонія, Германія, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Штодзень, сцвярджаюць расследавальнікі, у ЕС увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам.

Паведамляецца, што адным з пакупнікоў тавара з’яўляецца латвійская кампанія Revival SIA. Яе прадстаўнік заявіў, што “кіруе значнай часткай трафіку забароненай фанеры з Беларусі ў ЕС праз польскую мяжу”, у тым ліку ад беларускіх вытворцаў “Пінскдрэў”, “Гомельдрэў” і “Рэчыцадрэў”.

Прадстаўнік латвійскай фірмы таксама паведаміў, што прадукцыя — беларуская або расійская — перагружалася для далейшага продажу праз польскі склад з кітайскімі дакументамі. Адтуль грузавікі з таварам рэгулярна адпраўляліся ў Венгрыю, Чэхію, Партугалію і Італію.

Яшчэ адным прадпрыемствам, якое гандлюе ў Еўропе падсанкцыйнай фанерай, нібы вырабленай у Казахстане, з’яўляецца польская фірма Alvi-Bel.

У лагістычнай фірме з Польшчы PL-Trading расследавальнікам пад прыкрыццём прапанавалі некалькі беларускіх і расійскіх фанерных заводаў у якасці пастаўшчыкоў, запэўніўшы, што ў выпадку праверак з боку мытнікаў афіцыйныя дакументы або сертыфікаты на прадукцыю зможа аператыўна даць кітайская фабрыка. У фірме паведамілі, што выкарыстоўваюць гэтую схему ад пачатку працы санкцый.

Аўтары расследавання сцвярджаюць, што з расійскай і беларускай фанеры ў Еўропе вырабляюць мэблю, паркет, спартыўны інвентар і цацкі. Сярод пакупнікоў — пастаўшчыкі найбуйнейшай польскай сеткі мэблевых крам Black Red White і найбуйнейшы вытворца сцен для скалалажання Walltopia.

Earthsight мае намер накіраваць падрабязныя вынікі расследавання адпаведным органам улады ў краінах Еўропы.

“Еўрапейскія дзяржавы — члены [ЕС] павінны зрабіць тэрміновыя захады ў адказ. Польшчы як найбуйнейшаму пункту ўвозу падазронай бярозавай фанеры ў ЕС трэба зрабіць больш за ўсё. Яна павінна хутка навесці парадак ва ўласным доме, а таксама выкарыстаць сваё старшынства ў ЕС у першай палове 2025 года для гарантавання больш эфектыўнага выканання гэтых санкцый ва ўсёй Еўропе”, — адзначаюць расследавальнікі.

ЕС, на іх думку, трэба разгледзець магчымасць змяніць санкцыі ў дачыненні да Расіі і Беларусі, распаўсюдзіўшы абмежаванні на “ўсю прадукцыю, вырабленую з драўніны, нарыхтаванай у абедзвюх краінах, незалежна ад таго, ці былі імпартаваныя тавары зроблены ў трэцяй краіне”.

2 сакавіка 2022 года супраць афіцыйнага Мінска быў уведзены пакет санкцый ЕС, які сярод іншага ўтрымліваў забарону на экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі, у тым ліку піламатэрыялаў, брыкетаў, паліўных гранул, фанеры і драўняных пліт.

8 сакавіка таго ж года Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй), прыняла рашэнне прыпыніць сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і Расіі праз агрэсію супраць Украіны.

Міністэрства лясной гаспадаркі завяршыла 2024 год, “практычна цалкам акрыяўшы ад санкцый”, заявіў 3 студзеня намеснік кіраўніка гэтага ведамства Уладзімір Крэч. Чыноўнік паведаміў, што па асобных напрамках “значна павялічылі і аб’ёмы, і якасныя паказчыкі, і фінансавыя”, прывёўшы іх да дасанкцыйнага ўзроўню.

“Сёння мы маем устойлівую эканоміку, добры чысты прыбытак. Мы дасягнулі выручкі ў сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі ўзроўню першага паўгоддзя 2021 года, а гэта быў адзін з самых паспяховых гадоў у нашай працы”, — сказаў Крэч.

Пра рэкордны экспарт піламатэрыялаў (1 млн кубаметраў) у 2024 годзе заявіў 29 снежня таго года кіраўнік Мінлясгаса Аляксандр Кулік. Ён не ўдакладніў, у якія краіны здзяйсняюцца пастаўкі.

Пры гэтым летась у верасні міністр адзначаў, што вытворчасць пялетнай прадукцыі пасля ўвядзення санкцый у дачыненні да “працуе на мінімальнай магутнасці”: “Замярзаюць на Захадзе, але на нашу прадукцыю, экалагічна чыстыя пялеты з драўніны, прынамсі мінулы сезон, ставілі заслон”.

Паводле яго слоў, беларускі лес купляюць “краіны Азіі, Кітай”: “Мы літаральна на працягу месяца-двух пасля ўвядзення санкцый аднавілі [дасанкцыйныя] аб’ёмы. Сёлета мы перасягнулі іх, таму мы не стаім на месцы, разглядаем краіны далёкай дугі [у якасці рынкаў збыту]”.

Падзяліцца: