Мінск 02:37

З падаўжэннем паўнамоцтваў Лукашэнку павіншавалі прэзідэнт Турцыі і кароль Бахрэйна

Архіўнае фота: агенцтва "Анадалу"

30 студзеня, Позірк. “Далейшых поспехаў на высокай пасадзе” зычыў Аляксандру Лукашэнку прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у віншаванні з падаўжэннем паўнамоцтваў.

Паводле сцвярджэння прэс-службы Лукашэнкі, Эрдаган выказаў спадзеў на ўмацаванне двухбаковай супрацы “ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай сферах у надыходзячым перыядзе”.

Паводле інфармацыі гэтай жа крыніцы, Лукашэнку таксама паступіла віншаванне ад караля Бахрэйна шэйха Хамада бэн Ісы аль-Халіфы і наследнага прынца, прэм’ер-міністра Сальмана бэн Хамада аль-Халіфы. Кіраўнікі гэтай дзяржавы ў Персідскім заліве, як сцвярджаецца, выказалі “глыбокую ўдзячнасць” за двухбаковыя стасункі паміж “дружалюбнымі краінамі”.

У інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу NBC у кастрычніку 2022 года Лукашэнка анансаваў візіт у Анкару “найбліжэйшым часам”. Ён дагэтуль не адбыўся.

26 лютага 2024-га Лукашэнка, віншуючы Эрдагана з 70-годдзем, выказаў спадзеў на “хуткую сустрэчу, якая, безумоўна, адкрые новую старонку ў стасунках Мінска і Анкары”.

Летась 4 ліпеня палітыкі правялі перагаворы на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане.

Дакладныя даныя пра беларуска-турэцкі тавараабарот у беларускіх афіцыйных крыніцах не прыводзяцца. На сайце беларускай амбасады ў Анкары паведамляецца толькі, што па выніках 2023 года ён склаў больш за 1 млрд долараў.

29 кастрычніка 2024 года ў тэксце віншавання турэцкаму лідару з нацыянальным святам — Днём Рэспублікі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па-ранейшаму гатовы скарыстацца запрашэннем Эрдагана наведаць яго краіну.

Турцыя — член Паўночнаатлантычнага альянсу. Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), у якую ўваходзіць Беларусь, дэ-факта лічыць НАТО праціўнікам.

Міністэрства замежных спраў Беларусі раней адзначала, што гандлёва-эканамічная супраца паміж Беларуссю і Бахрэйнам “не мае актыўнага характару”. Па выніках 2021 года беларускі экспарт тавараў склаў 300 тыс. долараў, пра бахрэйнскія пастаўкі не паведамлялася.

Паводле папярэдніх даных Цэнтрвыбаркама, на мерапрыемстве 26 студзеня, якое афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”, Аляксандр Лукашэнка атрымаў 5.136.293 галасы (86,82%). Канчатковыя вынікі будуць падведзеныя 3 лютага.

На гэты момант віншаванні на адрас беларускага палітыка накіравалі кіраўнікі не менш як 19 дзяржаў: Азербайджана, Бахрэйна, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, В’етнама, Ірана, Казахстана, Кітая, Кубы, Кыргызстана, Нікарагуа, ААЭ, Пакістана, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі і Узбекістана.

Падзяліцца: