Мінск 02:31

Лукашэнка: Задача пагранічнікаў — папярэдзіць пра магчымыя пагрозы бяспецы

Скрыншот: мапа Нацыянальнага кадастравага агенцтва

30 студзеня, Позірк. “Разам з абаронай дзяржаўнай мяжы з боку пагранічных войскаў найважнейшым пытаннем з’яўляецца тое, каб яны своечасова папярэдзілі пра магчымыя пагрозы бяспецы”, — заявіў 30 студзеня Аляксандр Лукашэнка, зацвярджаючы рашэнне на ахову мяжы ў 2025 годзе.

Палітык, паводле інфармацыі яго прэс-службы, нагадаў, што гэтае рашэнне зацвярджаецца “традыцыйна на пачатку года”. “Сённяшняе рашэнне — гэта не проста лінія дзяржаўнай мяжы на зямлі, па вадзе і ў паветры. Гэта вельмі сур’ёзнае рашэнне па абароне суверэнітэту і абароне нашай дзяржавы”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, “іншыя ведамствы” таксама займаюцца бяспекай межаў, але найперш гэта задача пагранічнікаў. “Тады, адмабілізаваўшы ўсе сілы, якія маюцца ў краіне (ад міліцыі да арміі, Міністэрства абароны), мы зможам супрацьстаяць праціўніку”, — дадаў спікер, не ўдакладніўшы, у кім менавіта ён бачыць праціўніка.

Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што “сітуацыя на межах няпростая”. Паводле яго слоў, сёння хапае працы “не толькі пагранічнікам, але і мытнікам, асабліва на прапускных пунктах”: “Чэргі з аднаго і з другога боку вялізныя, гэта дадатковая нагрузка на нашых пагранічнікаў”.

Старшыня Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў адзначыў, што органы пагранічнай службы “стала праводзяць мерапрыемствы па падвышэнні эфектыўнасці аховы мяжы, нарошчванні інжынернай інфраструктуры, аснашчэнні ўзбраеннем і тэхнікай, удасканаленні баявой падрыхтоўкі”.

На падставе дзяржпраграмы “Пагранічная бяспека на 2021–2025 гады” былі абсталяваныя рубяжы аховы і аўтаматызаваныя пасты тэхнічнага назірання, разгорнутыя сігналізацыйныя сістэмы, усталяваныя датчыкі, што хутка разгортваюцца, паведаміў ён.

Заяўлена, што распачата “стварэнне высокатэхналагічнага падраздзялення на польскім участку мяжы” на базе пагранічнай заставы імя Кіжаватава Брэсцкай пагранічнай групы, што “закладзена ў адпаведнай праграме” Саюзнай дзяржавы. Фармаванне гэтага падраздзялення, на думку Моластава, дасць магчымасць “значна падвысіць надзейнасць аховы і перайсці ад патрулявання ўчастка да рэагавання на развіццё абстаноўкі ў рэжыме рэальнага часу, а таксама аптымізаваць штатную структуру”.

“Для падвышэння эфектыўнасці прымянення ў ахове рубяжоў пілатуемай і беспілотнай авіяцыі праведзена рэарганізацыя авіяцыйных падраздзяленняў, што забяспечвае цэнтралізаванае прымяненне аўтажыраў, іх тэхнічнае абслугоўванне і забеспячэнне. У падраздзяленнях мяжы ўведзеныя пасады аператараў беспілотных лятучых апаратаў”, — цытуюць дзяржСМІ Дзяржпагранкамітэт.

Беларускія ўлады ўвесь час абвінавачваюць суседнія краіны ў нарошчванні войскаў і мілітарызацыі. Летась у лістападзе Лукашэнка, выступаючы на сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Астане (Казахстан), заявіў, што “імкліва набірае абароты” гонка ўзбраенняў. “Працягвае мілітарызавацца Ўсходнееўрапейскі рэгіён, асабліва Польшча. Ідзе НАТОфікацыя Еўропы і свету ў цэлым”, — сказаў ён.

Паводле сцвярджэння спікера, Захад “кідае ўсе сілы на барацьбу з фальшывымі праблемамі”, “прычым гэтыя фальшыўкі яны самі і ствараюць”.

На фоне абвінавачвання ў мілітарызацыі суседніх краін, Мінск, які падтрымлівае Крэмль у ваеннай агрэсіі супраць Украіны, працягвае нарошчваць свой вайсковы патэнцыял: у 2024 годзе ў рамках мадэрнізацыі і пераўзбраення ў ВПС і войскі СПА паступіла больш за 40 узораў узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі.

Падзяліцца: