Мінск 02:35

У ПАСЕ аднагалосна прынятая рэзалюцыя па Беларусі

Зімовая сесія Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (2025)
Ілюстрацыйнае фота: сайт ПАСЕ

30 студзеня, Позірк. У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) 30 студзеня прынятая рэзалюцыя “Настойлівая неабходнасць правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі”. Прыняцце дакумента падтрымалі ўсе 79 членаў ПАСЕ, якія ўзялі ўдзел у галасаванні.

З асноўным дакладам выступіў дэпутат Сейма Польшчы, генеральны дакладчык ПАСЕ па пытанні аб дэмакратычнай Беларусі Рышард Петру. Пасля яго на дэбатах слова далі спікеру Каардынацыйнай рады (КР) Анжаліцы Мельнікавай, а таксама прадстаўнікам усіх шасці палітычных груп ПАСЕ.

У дакуменце канстатуецца, што “так званыя выбары, арганізаваныя ў Беларусі 26 студзеня 2025 года, не адпавядаюць мінімальным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў <…>, няма ніякіх падстаў для прызнання легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта”.

Падкрэсліваецца, што “дэмакратычныя выбары немагчымыя без захавання правоў чалавека, у прыватнасці свабоды слова, сходаў і асацыяцый”.

ПАСЕ заявіла, што “Беларусі трэба спыніць усе рэпрэсіўныя захады, скіраваныя на прыгнечанне іншадумства; забяспечыць безумоўнае і неадкладнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і забяспечыць іх рэабілітацыю; абвясціць амністыю для ўсіх арыштаваных з палітычных матываў; неадкладна пакласці канец усім актам катаванняў або бесчалавечнага і прыніжальнага годнасць абыходжання”.

У дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік забяспечыць арганізацыю свабодных і справядлівых выбараў, нараўне з захаваннем грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод, стварыць умовы для мірнай перадачы ўлады пасля іх, неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і зрабіць крокі да яго канчатковага скасавання.

Усе краіны — члены Савета Еўропы заклікалі “адхіліць легітымнасць так званых выбараў у Беларусі ад 26 студзеня 2025 года, дакладна заявіць пра сваё непрызнанне абрання Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта Беларусі і зрабіць рашучыя крокі па пашырэнні і інтэнсіфікацыі адрасных санкцый супраць рэжыму і тых, хто падтрымлівае яго незаконную дзейнасць”.

Яны таксама заклікалі працягваць і актывізаваць падтрымку структур беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай, падтрымліваць і пашыраць намаганні па расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і актыўна падтрымліваць механізмы, якія забяспечваюць прыцягненне вінаватых да адказнасці, вывучыць меры па аблягчэнні ўезду і знаходжання ў бяспечных і дастойных умовах беларускіх грамадзян, што ўцякаюць ад рэжыму Лукашэнкі.

На думку ПАСЕ, за мяжой неабходна аказваць дапамогу беларускім мігрантам у захаванні іх мовы, культуры і самабытнасці і ўстрымлівацца ад іх вяртання ў Беларусь да тае пары, пакуль яны зазнаюць рызыку пераследу.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік стварыць механізмы для адсочвання выпадкаў транснацыянальных рэпрэсій і забяспечыць, каб партнёры Савета Еўропы, праваабаронцы, журналісты і актывісты, былі лепш абароненыя ад рызыкі зазнаць іх.

ПАСЕ заклікала дзяржавы — члены Савета Еўропы “садзейнічаць правасуддзю і прыцягненню да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя супраць беларусаў вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі”, а таксама “падтрымаць перадачу ўрадам Літвы сітуацыі ў Беларусі ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда”.

Сярод іншага ў дакуменце адзначаецца, што рэпрэсіі вымусілі ўцячы з краіны “больш за 500 тыс. беларусаў”, многія сутыкаюцца з рэпрэсіямі, якія працягваюцца ў выглядзе завочных судовых працэсаў, канфіскацыі маёмасці, немагчымасці падоўжыць пасведчанне асобы, пагроз сям’і і злоўжывання беларускімі ўладамі сістэмай апавяшчэння Інтэрпола для пераследу дысідэнтаў.

У працы асобных пасяджэнняў у рамках сёлетняй зімовай сесіі ПАСЕ, а таксама асноўнага пасяджэння, на якім абмяркоўвалася беларускае пытанне, узяла ўдзел дэлегацыя КР.

Падзяліцца: