Мінск 02:38

На папулярызатара беларускай мовы Ігара Случака заведзеная крымінальная справа

Сям'я Ігара Случака і Аліны Нагорнай пасля эвакуацыі фондам Андрэя Стрыжака
Фота: старонка Андрэя Стрыжака ў "Фэйсбуку"

30 студзеня, Позірк. У дачыненні да папулярызатара беларускай мовы Ігара Случака распачатая крымінальная справа, пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў “Інстаграме”.

Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

З публікацыі Случака вынікае, што справа была заведзеная 22 траўня 2024 года, 24 снежня матэрыялы былі перададзеныя ў Рагачоўскі раённы аддзел Следчага камітэта (Гомельская вобласць).

5 кастрычніка 2023 года стала вядома, што сям’я абаронцаў беларускай мовы Ігара Случака і Аліны Нагорнай вывезеная з Беларусі пры дапамозе фонду салідарнасці BySol.

“Гэта была асаблівая эвакуацыя са складанымі і драматычнымі рашэннямі. Складаная яшчэ і тым, наколькі шмат Аліна і Ігар змаглі зрабіць знаходзячыся ў Беларусі дагэтуль. Іх аповед пра жыццё апошніх трох гадоў — гэта драматычны прыгодніцкі трылер, і гэты аповед варты асобнай кнігі”, — напісаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” заснавальнік фонду Андрэй Стрыжак.

Стрыжак адзначыў, што “Аліна і Ігар пратрымаліся максімальна доўга, працягваючы займацца праваабарончай дзейнасцю ўнутры краіны, але кола вакол іх звузілася настолькі і справа стала такой небяспечнай, што яны былі вымушаныя з’ехаць”.

Нагорная ў лістападзе 2023 года была ўзнагароджана медалём ордэна “Пагоня” “за заслугі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Беларусі”.

Падзяліцца: