Мінск 02:42

Беларусь застаецца на перадапошнім месцы ў ЕАЭС па пакрыцці знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі

30 студзеня, Позірк. Агульны знешні доўг краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) на 1 кастрычніка 2024 года склаў 538 млрд 690,7 млн долараў, скараціўшыся на 10 млрд 928,9 млн (-1,99%) у параўнанні з той жа датай 2023-га (549 млрд 619,6 млн), паведаміла 30 студзеня Еўразійская эканамічная камісія (даныя публікуюцца штоквартальна).

Доўг зменшыўся ў Беларусі — на 0,7% да 36 млрд 402 млн 236 тыс. долараў, а таксама ў Расіі — на 4,5% да 309 млрд 142,5 млн.

У іншых дзяржавах ЕАЭС ён вырас: у Арменіі — да 15 млрд 640,4 млн (+1,9%), Казахстане — да 165 млрд 848,9 млн (+1,2%), Кыргызстане — да 11 млрд 656,7 млн (+16,8%).

У сектаральнай структуры знешняга доўгу найбольшае зніжэнне адзначалася ў Беларусі па банкаўскім сектары (-9,6%), у Расіі — па міжфірменным крэдытаванні (-18,7%). Найбольшы рост доўгу назіраўся ў Арменіі і Казахстане па банкаўскім сектары (+8,9% і +38,3% адпаведна), у Кыргызстане — па іншых сектарах (+50,9%).

Ва ўсіх дзяржавах ЕАЭС доўгатэрміновы знешні доўг пераважае — яго доля знаходзіцца ў межах паміж 65% і 87%. Кароткатэрміновае знешняе запазычанне назіраецца ў асноўным у банкаўскім сектары.

Структура знешняга доўгу адрознівалася па дзяржавах — членах ЕАЭС. Па стане на 1 кастрычніка 2024-га ў Арменіі, Беларусі і Кыргызстане пераважаў доўг органаў дзяржкіравання, Казахстане — доўг па прамых інвестыцыях (міжфірменным крэдытаванні), у Расіі — доўг іншых сектараў.

Адносна ВУП у большасці дзяржаў — членаў ЕАЭС назіралася зніжэнне знешняга доўгу. За ўвесь перыяд назіранняў аналагічная з’ява зарэгістравана з 2016 па 2018 гады. Пры гэтым у Расіі знешні доўг у працэнтах да ВУП знізіўся ўдвая.

У абсалютных значэннях за перыяд з 2010 года замежная запазычанасць вырасла: у Арменіі — у 2,5 раза, Беларусі — у 1,3, Казахстане — у 1,4, Кыргызстане — у 2,4. У Расіі адзначана зніжэнне знешняга доўгу.

Высокае пакрыццё знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі забяспечана толькі ў Расіі (205%). У іншых дзяржавах гэты паказчык складаў: у Арменіі — 22,8%, Беларусі — 24,3%, Казахстане — 26,9%, Кыргызстане — 36,3%.

Па выніках першага і другога кварталаў краіны знаходзіліся ў такім жа парадку.

Валавы знешні доўг — нявыплачаная сума абавязацельстваў перад нерэзідэнтамі, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і (або) працэнтаў.

У адрозненне ад знешняга дзярждоўгу, які ўлічвае толькі абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі, валавы знешні доўг ахоплівае абавязацельствы ўсіх рэзідэнтаў, падзеленых на чатыры сектары эканомікі: органы дзяржкіравання, органы грашова-крэдытнага рэгулявання, банкі (дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем Цэнтрабанка), іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы.

Падзяліцца: